ПІЛЬШТЫ́Н (Пільштынова, дзявочае Русецкая) Саламея Рэгіна Іаахімаўна (1718, Навагрудчына, Гродзенская вобл. — пасля 1760), бел. мемуарыстка, падарожніца, лекарка. У 14 гадоў разам з мужам трапіла з Беларусі ў г. Стамбул. У 1739 вярнулася на радзіму, вяла мед. практыку ў Нясвіжы. Ездзіла ў Пецярбург, Вену, двойчы ў Турцыю. У 1760 са Стамбула накіравалася паломніцай у Святую Зямлю. Далейшы лёс невядомы. У 1760 напісала на польск. мове мемуары «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (выд. 1957, Кракаў), якія нагадваюць прыгодніцкі раман. У іх каларытна паказаны побыт і розныя бакі жыцця Беларусі, Турцыі, пецярб. двара Ганны Іванаўны. У мове шмат беларусізмаў, бел. прыказак і прымавак. На бел. мову яе мемуары пераклаў М.Хаўстовіч.
Тв.:
Бел. пер. — Авантуры майго жыцця: Раман. Мн., 1993.
Літ.:
Грыцкевіч В.П. Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая. Мн., 1989.
А.В.Мальдзіс.
т. 12, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп
(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),
бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл. Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
С.А.Падокшын.
т. 6, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)