КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,
14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.Шаўчэнка, С.Руданскі, Я.Купала, М.Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.Купалы).
В.П.Рагойша.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),
1) жанр укр. нар. паэзіі, кароткая песенька накшталт прыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл. Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел. нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць ў поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.Багдановіч стварыў бел. К.
2) Укр. нар. масавы танец гуцулаў.
3) Нар. інструментальная п’еса.
Літ.:
Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)