КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,

14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.​Шаўчэнка, С.​Руданскі, Я.​Купала, М.​Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.​Купалы).

В.​П.​Рагойша.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),

1) жанр укр. нар. паэзіі, кароткая песенька накшталт прыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл. Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел. нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць ў поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.​Багдановіч стварыў бел. К.

2) Укр. нар. масавы танец гуцулаў.

3) Нар. інструментальная п’еса.

Літ.:

Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)