КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),
1) жанр укр. нар. паэзіі, кароткая песенька накшталт прыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл. Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел. нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць ў поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.Багдановіч стварыў бел. К.
2) Укр. нар. масавы танец гуцулаў.
3) Нар. інструментальная п’еса.
Літ.:
Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАСТРАФА́,
від цэласнай, структурна завершанай страфічнай формы. Паводле аб’ёму вершаваных радкоў разнастайная (пераважна дыстых, тэрцэт, катрэн). Монастрафічнымі лічацца многія формы нац. паэзіі (рус. частушка, укр. каламыйка, бел. прыпеўка, арм. айрэн, яп. хоку, танка і г.д.), шэраг устойлівых, шырока распаўсюджаных форм верша — актава, рандо, трыялет, санет і інш.
В.У.Ярац.
т. 10, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛАМІ́Я»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Выканаўцы ў агульным крузе танцуюць пад розныя жартаўлівыя прыпеўкі, прытупваюць і адбіваюць нагамі «драбняка» і інш. рытмічныя фігуры, суправаджаючы іх рухамі рук, кружацца, потым утвараюць пары. Вядомы з канца 19 ст Зафіксаваны ў Столінскім і інш. паўд. раёнах Беларусі. Быў папулярны і ў інш. мясцовасцях. Блізкі да ўкр. нар. танца «Каламыйка».
Л.К.Алексютовіч.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)