Кактусы 5/239—240; 6/163

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КА́КТУСЫ,

кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.

Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.

Літ.:

Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.

Н.​В.​Богдан.

Кактусы родаў 1 — псеўдалабівія; 2 — эрыякактус; 3 — эпіфіліум; 4 — эхінопсіс; 5 — бесхларафільныя формы; 6 — крыстатная форма.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГ-БЭ́НД (Big Bend),

нацыянальны парк у ЗША, у «вял. лукавіне» р. Рыо-Грандэ, штат Тэхас; біясферны рэзерват. Засн. ў 1935. Пл. 287 тыс. га. Ландшафты горных (выш. ад 500 да 2388 м) і нізінных пустыняў з сукулентамі (агава, кактусы, апунцыя і інш.), зараснікі хмызняку і ўчасткі лесу. У складзе фауны — пекары, чарнахвосты алень, пума. Аб’ект турызму.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААТЫ́НГА (партуг. caatinga, на мове індзейцаў тупі caa лес, tinga белы, светлы),

ландшафт паўпустынных нізкарослых (да 8—10 м) ксерафітных трапічных рэдкалессяў на ПнУ Бразільскага пласкагор’я ў Паўд. Амерыцы. Пераважаюць драбналістыя дрэвы і хмызнякі са шматлікімі калючымі і пякучымі формамі. Шмат сукулентаў, пераважна кактусы і агавы, характэрна т. зв. бутэлечнае дрэва. У час доўгатэрміновай засухі (8—9 месяцаў) многія дрэвы скідваюць лісце.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМІЛЯ́РЫЯ (Mammillaria),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Больш за 350 (паводле інш. звестак, каля 200) відаў. Пашыраны ў паўд. ч. Паўн., у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Трапляюцца ў засушлівых абласцях сярод кустоў на вапнавых, гліністых і гранітных глебах. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.

Шматгадовыя расліны. Сцёблы шарападобныя або кароткацыліндрычныя (некат. падушкападобныя), укрытыя сасочкамі, на верхавінках якіх пучкі валаскоў і калючак. Кветкі дробныя, у пазухах сасочкаў, у выглядзе вяночка на верхавінцы сцябла. Плод ягадападобны. Дэкар. расліны.

Кактусы з роду мамілярыя.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХА́ВЕ (Mohave),

пустыня на ПдЗ ЗША, у паўд. частцы штата Каліфорнія; частка Вялікага Басейна. Пл. каля 30 тыс. км². Вастраверхія хрыбты (выш. да 3366 м) чаргуюцца з шырокімі і глыбокімі катлавінамі, запоўненымі пяском, у т. л. Даліна Смерці. Клімат рэзка кантынентальны, з гарачым летам. Ападкаў 45—150 мм за год, часам іх не бывае гадамі («полюс сухасці» Паўн. Амерыкі). Шэраг невял. салёных азёр. Зараснікі крэазотавых хмызнякоў, сукуленты (юкі, кактусы і інш.). У паўд. ч. запаведнік Джошуа-Тры (ахова пустыннай расліннасці і фауны).

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНД-КА́НЬЁН (Grand Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац. помнік. Пл. 493 тыс. га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар. Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕКАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА У ЗША і Мексіцы. Займае міжгорную тэктанічную ўпадзіну — паўн. ч. былога, больш буйнога Каліфарнійскага зал., запоўненую магутнай тоўшчай адкладаў, прынесеных р. Каларада. Парэзана яе ніжнім цячэннем. У мінулым неаднаразова затаплялася водамі р. Каларада, што прывяло да ўтварэння салёных азёр. На Пн салёнае воз. Солтан-Сі, узровень якога на 72 м, а дно на 81 м ніжэй узр. м. Клімат субтрапічны, сухі. Ападкаў каля 100 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, кактусы, юкі. Частка зямель паміж р. Каларада і воз. Солтан-Сі арашаецца. Вырошчваюць пераважна бавоўнік.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],

расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл. Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),

паўвостраў на З Паўн. Амерыкі, у Мексіцы. Абмываецца Ціхім ак. на З і яго Каліфарнійскім залівам на У. Даўж. 1200 км, шыр. 50—250 км. Пл. 144 тыс. км². Берагі абрывістыя, асабліва на У, на З — месцамі лагуннага тыпу. На Пд шмат прыбярэжных астравоў і бухтаў. На У адасобленыя вулканічныя і крышт. масівы, пераважныя выш. 500—1500 м, найб. 3078 м (г. Ла-Энкантада). На З — ступеньчатыя пласкагор’і выш. 1000—1500 м, прыморскія нізіны і кароткі хр. Сьера-Віскайна. Клімат субтрапічны на Пн і трапічны на Пд. Ападкаў менш за 250 мм за год на ўсёй тэрыторыі. На ўзбярэжжы частыя туманы. Расліннасць пустынная і паўпустынная (хмызняк, кактусы, агавы, юкі), у гарах месцамі лясы. Нац. парк Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр. Арашальнае земляробства і пладаводства. Пашавая жывёлагадоўля. Рыбалоўства.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)