Какаінавы куст 7/403

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),

кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд. Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.

Вечназялёны куст выш. да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Галінка какаінавага куста.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КА,

тое, што какаінавы куст.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАІ́Н,

алкалоід лісцяў трапічных раслін роду эрытраксілум (напр., какаінавы куст). Адносіцца да групы абязбольваючых сродкаў. Высокатаксічны. Выкарыстоўваецца ў парашках і растворах для мясц. абязбольвання. Пры ўжыванні ўзбуджае, потым прыгнечвае нерв. сістэму. Лячэнне К. доўгі час выклікае цягу да яго — какаінізм.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКАТЫ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

група раслін, якія маюць рэчывы, здольныя ўзбуджаць ці прыгнечваць цэнтр. нерв. сістэму. Да Н.р. належаць пераважна вышэйшыя расліны, з ніжэйшых — некат. грыбы (напр., мухаморы). Найб. пашыраны ў тропіках Паўд. і Паўн. Амерыкі, Цэнтр. Азіі. Асн. Н.р.: мак снатворны, каноплі індыйскія, какаінавы куст, гармала звычайная, эхінакактус, блёкат чорны, тытунь і інш. Звычайна ядавітыя, маюць у сабе дзеючыя рэчывы (пераважна алкалоіды), якія валодаюць лек. ўласцівасцямі і выкарыстоўваюцца ў медыцыне, часцей як абязбольвальныя. Пры сістэм. ужыванні прэпаратаў з Н.р. развіваецца залежнасць ад іх — наркаманія. Гл. таксама Лекавыя расліны і Ядавітыя расліны.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКАТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, наркотыкі,

група псіхатропных сродкаў прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць узбуджэнне ці прыгнечанне функцыі ц. н. с., парушаюць свядомасць і пры сістэматычным ужыванні выклікаюць паталаг. залежнасць (наркаманію). Многія расл. сродкі, што валодаюць падобным дзеяннем (напр., блёкат, дурнап’ян, каноплі, какаінавы куст, красаўка, опійны мак, некат. віды грыбоў), выкарыстоўваліся з глыбокай старажытнасці для выклікання асаблівага псіхічнага ўздыму, уздзеяння на псіхіку людзей. Лекары ўжывалі гэтыя рэчывы для абязбольвання. Тэрмін «Н.с.» ўведзены ў мед. практыку з вынаходствам наркозу (1846). У канцы 19 ст. пад ім аб’ядноўвалі рэчывы, якія выклікаюць у людзей своеасаблівае парушэнне псіхічнай дзейнасці — эйфарыю і могуць прывесці да злоўжывання імі. Паводле міжнар. класіфікацыі вылучаюць: сродкі адурманьваючага ўздзеяння, сродкі для інгаляцыйнага (напр., хлараформ, дыэтылавы эфір, закіс азоту) і неінгаляцыйнага (напр., гексенал, кетамін) наркозу, наркатычныя анальгетыкі (напр., гераін, кадэін, марфін), мясц. анестэтыкі (напр., какаін), псіхастымулятары (напр., амфетамін), галюцынагены (напр., дыэтыламід лізергінавай к-ты — ЛСД). Тэрмін «Н.с.» ўжываюць таксама ў наркалогіі, міжнар. дагаворах, нац. заканадаўствах, што рэгламентуюць кантроль за вытв-сцю і выкарыстаннем рэчываў, здольных выклікаць наркаманію. Паводле Канвенцыі ААН 1988 у Н.с. ўключаюць рэчывы, якія адпавядаюць 3 крытэрыям: мед. (здольнасць выклікаць наркаманіі і быць небяспечнымі для здароўя), сац. (адмоўнае ўздзеянне на эканам., культ. і паліт. асновы грамадства) і юрыд. (афіц. прызнанне рэчыва «наркатычным» адпаведным грамадскім органам).

М.​К.​Кеўра, А.​І.​Скугарэўская.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)