Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРУ́ЧНІК,
1) обер-афіцэрскае званне (чын) у рас. арміі (з 1703), якое прысвойвалася пасля заканчэння ваен. вучылішча. У кавалерыі яму адпавядаў чын карнета, у казацкіх часцях — харунжага. Скасавана ў 1917.
2) Першаснае воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ў Польшчы, Японіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДХАРУ́НЖЫ (ад харунжы),
воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У Расіі ўведзена ў 1880. У казацкіх войсках адпавядала званню падпрапаршчыка ў рэгулярных войсках. Прысвойвалася ўраднікам і вахмістрам, якія вытрымалі экзамен на афіцэрскае званне, але не атрымалі яго з-за недахопу вакансій або недастатковай выслугі гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́ЗНЫ,
1) пасада ў войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Прызначаўся гетманам, з 1776 — каралём. Займаўся раскватараваннем войскаў: выбарам месца пад лагер, яго ўмацаваннем. Галоўных абозных было 2 — каронны (польскі) і літоўскі.
2) Выбарная вайск. пасада на Украіне ў 17—18 ст. Генеральныя абозныя арганізоўвалі гетманскае войска, забяспечвалі яго харчаваннем і фуражом, кіравалі артылерыяй, удзельнічалі ў перагаворах, расследавалі злачынствы, палкавыя былі нам.казацкіх палкоўнікаў, узначальвалі палкавую артылерыю.
3) Ніжэйшы чын пры ваен. гужавым транспарце і абозах у дарэв. Расіі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАЛКО́ЎНІК,
воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ў шэрагу дзяржаў, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі званню П. адпавядае lieutenant colonel, у ФРГ — Oberstleutnant. Уведзена ў Еўропе ў 17 ст.; у Расіі спачатку як пасада, потым як званне (чын) пам.палкоўніка (камандзіра палка). У казацкіх войсках у 1885—1917 званню П. адпавядаў чын вайсковага старшыны. У СССР уведзена ў 1939. У ВМФ званню П. адпавядае званне капітана 2-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СКАНТ (ад дыс... + лац. cantus спевы),
1) від шматгалосся 12—15 ст. Першапачаткова тэрмін абазначаў 2-галоссе ў сінхронным рытме («нота супраць ноты») і пераважна з супрацьлеглым рухам галасоў.
2) Высокі дзіцячы пеўчы голас з дыяпазонам c1—a2, а таксама яго партыя ў хоры ці вак. ансамблі.
3) Верхні голас у 4-галосым выкладанні (тое, што сапрана).
4) Дышкант — высокі саліруючы галас у данскіх казацкіх песнях і песнях усх. абласцей Украіны і Беларусі (наз. таксама падводка, гаравік).
5) У 16—17 ст. назва самага высокага інструмента ў сям’і (напр., Д.-віёла, Д.-трамбон і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),
адзін з кіраўнікоў белага руху (гл.Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Васіль) (1527, г. Тураў — 21.3.1608),
палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.Касінскага, С.Налівайкі.
Літ.:
Костомаров Н.И. К.К.Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБА́ЙЛА (Падабайла, Пабадайла) Сцяпан (? — ліп. 1654), казацкі палкоўнік, кіраўнік казацкіх атрадаў на Беларусі ў антыфеадальную вайну 1648—51. У 1648 атрад П. і палкоўніка Гаркушы знаходзіўся ў Бабруйску, адкуль у вер. рушыў да Беразіно, а ў пач.снеж. да Старога Быхава. Пасля няўдалага штурму крэпасці казакі адступілі. У 1649 П. на чале 6 тыс. казакоў Чарнігаўскага палка абараняў т.зв. Лоеўскія пераправы, каб не дапусціць войска Я.Радзівіла на Украіну. Пасля Лоеўскай бітвы 1649 захапіў Гомель і асадзіў Чачэрск. У 1651 накіраваны Б.Хмяльніцкім у якасці пасла да Радзівіла. У Лоеўскай бітве 1651 пацярпеў паражэнне і адступіў да Чарнігава. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў Чарнігаўскі полк казацкага войска І.Залатарэнкі. Загінуў у баі пад Гомелем.