Кажаны 5/211; 6/483; 9/172

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАНЫ́, лятучыя мышы (Microchiroptera),

падатрад гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 20 сям., больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 15 відаў, найб. пашыраны вячэрніца рыжая (гл. Вячэрніцы), начніцы вадзяная і вусатая (гл. Начніцы), вушан звычайны, нетапыр-карлік і кажан двухколерны. Селяцца ў пячорах, дуплах дрэў, на гарышчах. Утвараюць калоніі.

Даўж. цела да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некат. мігрыруюць. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці Большасць насякомаедныя. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў і 3 падвіды.

Э.​Р.​Самусенка.

Кажаны 1 — двухколерны; 2 — позні; 3 — нетапыр-карлік; 4 — нетапыр лясны.

т. 7, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТУ́ЧЫЯ МЫ́ШЫ,

гл. Кажаны.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

цеплакроўныя жывёлы, у якіх перыяды пастаяннай т-ры цела зменьваюцца перыядамі значных яе ваганняў у залежнасці ад змен т-ры знешняга асяроддзя. Непастаянства т-ры цела ў адных з іх праяўляецца ў час працяглага сну (калібры, кажаны), у другіх — сезонна, у перыяд зімовай спячкі. У фауне Беларусі да гетэратэрмных жывёл належаць барсук, вожык звычайны, кажаны, соні, хамяк звычайны, янотападобны сабака і інш. млекакормячыя. Зрэдку да гетэратэрмных жывёл адносяць некаторых пайкілатэрмных жывёл, здольных пры пэўных умовах падтрымліваць т-ру цела больш высокую, чым т-ра асяроддзя (свойская пчала, чмялі, тунцы і інш.). Гл. таксама Гамаятэрмныя жывёлы.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ХА,

акустычная ці эл.-магн. хваля, што адбіваецца ад якой-н. перашкоды і рэгіструецца прыёмнікам ці назіральнікам Гукавое Р. (пошчак) распазнаецца на слых, калі інтэрвал паміж пасланым і прынятым сігналамі 50—60 мс і больш. Для некаторых жывёл (напр., кажаны, дэльфіны, кіты) Р. — сродак арыенціроўкі і пошуку здабычы. Эл.-магн. Р. выкарыстоўваецца, напр., у радыёлакацыі, далёкай радыёсувязі на кароткіх хвалях; акустычнае — у гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),

атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн. г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш. Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.

Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.

Літ.:

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. М., 1973;

Курсков А.Н. Рукокрылые Белоруссии. Мн., 1981.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЦЫЯ ў жывёл і чалавека,

здольнасць вызначаць напрамак на крыніцу гуку ў выніку бінаўральнага эфекту; вызначэнне месцазнаходжання аб’екта ў адносінах да сябе або свайго становішча ў прасторы. Некат. жывёлы эвалюц. шляхам набылі здольнасць да актыўнай Л., напр., дэльфіны, кіты, кажаны, некат. віды птушак. Яны могуць выдаваць і ўспрымаць гукавыя імпульсы з інтэрваламі 0,2—5 мілісекунд, запоўненыя высокачастотнымі ваганнямі 4—200 кГц. Чалавеку ў пэўнай ступені ўласціва здольнасць выяўлення перашкод па гукавым рэху (напр., сляпыя адчуваюць набліжэнне да перашкоды па адбіццю гуку). Гл. таксама Біяакустыка, Біялакацыя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНАРЭЦЭ́ПТАРЫ сенсарныя структуры жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць мех. раздражненні з навакольнага асяроддзя ці з унутр. органаў. Рэцэптары 1-га тыпу маюць спецыялізаваныя валаскова-раснічастыя структуры, што прымаюць удзел у першаснай рэцэпцыі (напр., валасковыя рэцэптары органаў слыху, бакавой лініі, вестыбулярнага апарата і інш.). Рэцэптары 2-га тыпу ўспрымаюць стымул непасрэдна механаадчувальнай мембранай нерв. канца (напр., тканкавыя М. пазваночных). Важную ролю ў развіцці, арганізацыі і дзейнасці М. адыгрываюць умовы існавання арганізмаў. У жывёл, што карыстаюцца эхалакацыяй рэхалакацыяй (напр., кажаны, дэльфіны) М. органаў слыху ўспрымаюць ультрагукі. Развіццё апорна-рухальнага апарата выклікала паяўленне прапрыярэцэптараў, развіццё сардэчна-сасудзістай сістэмы — узнікненне М. сэрца, барарэцэптараў сасудаў і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́РЫ (Vampyrum),

род кажаноў сям. амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.

Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.

Вампір вялікі.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,

спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл. Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)