Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Полацкі кадэцкі корпус 4/123
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова закрытага тыпу. Спачатку прызначаліся для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей (у асн. афіцэраў) да вайск. службы. Узніклі ў Прусіі ў 1653. У Рэчы Паспалітай да вайск. службы рыхтавалі Варшаўская школа рыцарства (1765—95), Гродзенскі і Нясвіжскі К.к. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II заснаваў Калішскі кадэцкі корпус (1793—1831). У Рас. імперыі К.к. існавалі ў 1732—1917. Падпарадкоўваліся Гал. ўпраўленню ваенна-навуч. устаноў. У 18 ст. мелі самаст. кіраванне, рыхтавалі кадры для вайск. і цывільнай службы, з 1830-х г. пераважна для вайсковай. Падзяляліся на губернскія, сталічныя і спец. (артылерыйскі, інжынерны, марскі). У 1857—63 выпускнікі К.к. атрымлівалі адразу афіцэрскі чын (да 1857 з губернскіх пераводзіліся ў сталічныя). У выніку ваен. рэформ 1860—70-х г. рэарганізаваны ў ваенныя гімназіі, у 1882 адноўлены. З гэтага часу ў К.к. давалі агульную адукацыю з элементамі ваеннай падрыхтоўкі. З 1913 у некаторыя К.к. прымаліся дзеці недваранскага паходжання. Выпускнікі, як і ваенных гімназій, пераводзіліся ў ваенныя вучылішчы, дзе атрымлівалі спец. падрыхтоўку. У жн. 1917 К.к. перайменаваны ў гімназіі ваен. ведамства. Да 1917 у Рас. імперыі было 29 К.к. (акрамя Марскога і Пажскага), у якіх навучалася больш за 10 тыс. чал. На Беларусі ў 1842—63 існаваў Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1835—1918 — Полацкі кадэцкі корпус. Шклоўскае шляхетнае вучылішча ў 1778—97 існавала як прыватная навуч. ўстанова.
Літ.:
Алпатов Н.И. Учебно-воспитательная работа в дореволюционной школе интернатного типа: (Из опыта кадетских корпусов и воен. гимназий в России). М., 1958;
Брыгадзін П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча // Бел. мінуўшчына. 1997. № 4.
А.М.Лукашэвіч.
т. 7, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС, Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус,
з 1857 Аляксандраўскі кадэцкі корпус, сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да вайск. службы. Існаваў у 1842—63 у Брэсце. Засн. на сродкі казны, а таксама памешчыкаў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губ. Найменне «Аляксандраўскі» — у гонар Аляксандра II, будучага імператара, які ў 1849—55 быў гал. начальнікам (шэфам) кадэцкіх карпусоў Расіі. Размяшчаўся ў пераабсталяваным будынку бернардзінскага кляштара на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Разлічаны на 400 навучэнцаў (кадэтаў). На вучобу прымаліся дзеці дваран, штаб- і обер-афіцэраў ва ўзросце 9,5—11,5 года. Выкладаліся агульнаадук. прадметы за курс гімназіі (мовы, прыродазнаўчыя і грамадазнаўчыя навукі), страявая падрыхтоўка, верхавая язда, ружэйная стральба, фехтаванне, гімнастыка, плаванне, музыка і танцы. Выпускнікоў накіроўвалі пераважна ў юнкерскія вучылішчы. У сувязі з пачаткам Крымскай вайны 1853—56 і абвяшчэннем ваен. становішча ў Брэсцкай крэпасці Брэсцкі кадэцкі корпус у 1854 пераведзены ў Маскву, а ў 1860 — у Вільню, дзе ў 1863 у сувязі з рэформай ваенна-навуч. устаноў скасаваны. Многія з выхаванцаў корпуса пазней сталі дзеячамі рэв. руху ў Расіі, кіраўнікамі і ўдзельнікамі паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы, у т. л. П.І.Адамовіч, Я.В.Дамброўскі, Я.Ф.Кульчыцкі, Б.В.Люгайла, І.А.Падбельскі, З.У.Падлеўскі, Б.С.Паўловіч, Я.А.Пыдзеўскі, М.В.Сакалоў, А.Г.Стаброўскі, П.Ф.Уладычанскі і інш.
Ш.І.Бекцінееў, Н.М.Кірылава.
т. 3, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.
Літ.:
Долгов И.И. Полоцкий кадетский корпус. Витебск, 1899;
Викентьев В.П. Полоцкий кадетский корпус: Ист. очерк. Полоцк, 1910;
Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;
Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.
А.М.Лукашэвіч.
т. 12, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС (школа, акадэмія),
ваенная навуч. ўстанова ў Нясвіжы ў 18 ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі. Засн. 25.5.1747 вял. гетманам ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькай. На навучанне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся франц., ням., лац., рус. мовы, геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айч. права, айч. і агульная гісторыя. Кадэты вучыліся верхавой яздзе, фехтаванню, танцам, павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны неслі вартавую службу. У ліст. 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-я г. Адроджаны ў 1767 К.С.Радзівілам Пане Каханку. На вучобу прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з гарадоў князя і шляхецкую моладзь (у інш. кадэцкія карпусы прымалі толькі шляхту). Выкладчыкамі працавалі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх выпускаў. Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэты штомесяц атрымлівалі па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х г. корпус перастаў існаваць.
В.С.Пазднякоў.
т. 11, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́ЙСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (21.3.1825, г. Котка, Фінляндыя — 1.4.1890),
расійскі вынаходнік у галіне лятальных апаратаў, цяжэйшых за паветра. Контр-адмірал (1886). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1841). У 1881 атрымаў прывілей на вынайдзены ім «паветралятальны снарад» (самалёт манаплан). У 1882 пабудаваны лятальны апарат з 2 паравымі машынамі, аднак самастойны палёт на ім зрабіць не ўдалося.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМА́ЙЛАЎ (Аляксандр Яфімавіч) (25.4.1779, С.-Пецярбург — 28.1.1831),
рускі празаік, байкапісец. Скончыў Горны кадэцкі корпус (1797). У 1826—28 віцэ-губернатар у Цверы і Архангельску. Аўтар сатыр. рамана «Яўген, або Згубныя вынікі кепскага выхавання...» (ч. 1—2, 1799—1801), аповесці «Бедная Маша» (1801). Найб. вядомы яго байкі, якія карысталіся поспехам у сучаснікаў («Байкі і казкі», 1814; «Новыя байкі і казкі...», 1817).
т. 7, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙГАРО́ДАВЫ,
вучоныя і ваенныя дзеячы.
Нічыпар Іванавіч (1810—27.10.1882), матэматык, педагог. Ген.-маёр (1865). Скончыў Першы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1828). Вывучаў матэматыку ў В.Я.Бунякоўскага, паслядоўнік М.В.Астраградскага. У 1836—65 на пед. рабоце ў Полацкім кадэцкім корпусе. Прытрымліваўся пед. прынцыпаў І.Г.Песталоці, быў праціўнікам цялесных пакаранняў.
Міхаіл Нічыпаравіч (1853, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1916), ген. ад інфантэрыі (1914). Сын Нічыпара Іванавіча. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1873), Акадэмію Генштаба (1880). Служыў на камандных і штабных пасадах. У 1901—05 губернатар Нюландскі (Фінляндыя) і Іркуцкі. Са жн. 1913 камендант Гродзенскай крэпасці. Аўтар дапаможнікаў для палявых тактычных заняткаў.
Нестар Нічыпаравіч (26.11.1840, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1910), ген.-лейт. (1906). Сын Нічыпара Іванавіча. Чл. Рускага тэхн. т-ва. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1856), Міхайлаўскія артыл. вучылішча (1858) і акадэмію (1865). Служыў у артыл. войсках, на Охценскім парахавым з-дзе ў Пецярбургу. У 1876—78 пад яго кіраўніцтвам праведзена рэарганізацыя і пераабсталяванне парахавых з-даў Расіі. Камандаваў артылерыяй Севастопальскай і Свеаборгскай крэпасцей. З 1900 камендант Выбаргскай крэпасці. З 1906 у адстаўцы. Друкаваўся ў «Артиллерийском журнале».
А.М.Лукашэвіч.
т. 7, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)