Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЫ́ЛЬ (Stipa),
род кветкавых раслін сям. злакаў. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых, субтрапічных і горных раёнах тропікаў абодвух паўшар’яў. Асн. расліны стэпаў, прэрый, пампасаў і паўпустынь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.
АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: К. валасацік (S. capillata), К. перысты (S. pennata), К. Лесінга (S. lessingiana).
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, шчыльнакустовыя расліны з моцным голым сцяблом выш. 30—150 см. Лісце вузкае, складзенае ўздоўж, шылападобнае. Суквецці — сціснутая або слабараскіданая мяцёлка з аднакветнымі двухполымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя, прамысл., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЫ́ЛЬ (Міхась) (сапр. Лешчанка Язэп Казіміравіч; н. 1.11.1915, в. Покрашава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Бел.пед. тэхнікуме (1930—33). 23.2.1933 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д.Усходзе. У 1935 вызвалены, жыў у Варонежы (1935—41), дзе вучыўся ў пед. ін-це, працаваў на машынабудаўнічым з-дзе, настаўнічаў. З пач.Вял.Айч. вайны на Укр. фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША. Друкавацца пачаў у 1929. На эміграцыі выйшлі зб-кі яго паэзіі «Ростань» (1947), «Пад зорамі белымі» (1954), «Першая рана» (1960), «Цяжкія думы» (1961). Аўтар паэм «Пад небам Случчыны каханай» (1943), «Міжагнёўе» (1982), рамана «Із агню ды ў полымя» (1990—97). Рэдактар час.«Беларуская думка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ СТЭП,
узвышаная раўніна ў Забайкаллі, у Рас. Федэрацыі, на спадзістых схілах хрыбтоў і далін рэк бас. Агі (прыток Анона). Даўж. каля 100 км. Выш. 600—900 м. Расліннасць — кавыль, ціпчак, палын, піжма. Большая ч. тэрыторыі пад с.-г. ўгоддзямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з 1960 у Нью-Йорку — Саўт-Рыверы (ЗША) на бел. мове Бел. выдавецкім т-вам. Рэдактар М.Кавыль. Адстойвае ідэі незалежнасці Беларусі, інфармуе пра найважнейшыя падзеі на Бацькаўшчыне, пра жыццё бел. эміграцыі. Друкуе ўспаміны, палемічныя артыкулы, творы пісьменнікаў Беларусі і бел. замежжа, у т. л. Я.Золака, М.Кавыля, Л.Случаніна. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́РЫЯ (франц. prairie ад лац. pratum луг),
1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем ў Паўн. Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх. Азіі.
2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч.Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ (біял.),
здольнасць раслін, а таксама арганізмаў і іх згуртаванняў (часцей раслін) пераносіць вял. канцэнтрацыі шкодных газападобных рэчываў атмасферы (серавадарод, вокіслы вугляроду, серы, азоту, фтор, фторысты вадарод, хларыды і інш.). У выніку пранікнення газаў у раслінныя клеткі ў іх назапашваюцца ядавітыя рэчывы, якія парушаюць працэсы абмену рэчываў. Пры высокай газаўстойлівасці раслін адбываецца эфектыўнае ачышчэнне паветра ў прамысл. гарадах. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць віды раслін, якія ўтвараюць вял. біямасу і маюць інтэнсіўны газаабмен: з травяністых — аўсяніцу, мятліцу, райграс, кавыль і інш., з дрэвавых і кустовых — лох серабрысты, вяз, клён серабрысты, брызгліну, бружмель і інш. На Беларусі даследаванні па падборы газаўстойлівых раслін для азелянення тэр.прамысл. прадпрыемстваў пачаліся ў 1970-я г. ў Цэнтр.бат. садзе АН. Для прамысл. і гарадскіх умоў рэкамендавана больш за 150 відаў і сартоў дрэвава-кустовых і кветкава-дэкар. раслін, устойлівых да фітатаксікантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski-Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),
польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Гайдук, М.Кавыль, А.Лойка, Я.Семяжон.
Тв.:
Wybór poezji. Warszawa, 1960;
Бел.пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НА (ісп. Puna, на мове кечуа — пустынны),
прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціне. Уяўляе сабой высакагорныя пустыні і сухія стэпы на высокаўзнятых пласкагор’ях Цэнтр. Андаў паміж Зах. і Цэнтр. Кардыльерамі. Выш. 3500—4600 м. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плоскія катлавіны, запоўненыя вулканічнымі, абломкавымі і азёрна-ледавіковымі адкладамі. Клімат высакагорна-трапічны з халаднаватым дажджлівым летам і халоднай сухой зімой. Сярэднія т-ры ліст. 5—10 °C, ліп. 2—6 °C. Ападкаў ад 1000 мм за год на Пн, да 100—200 мм на Пд і З. Характэрны рэзкія змены надвор’я і моцныя вятры. П. — вобласць унутранага сцёку (найб.р. Дэсагуадэра). Найб. азёры Тытыкака і Паапо. Развіты саланчакі. Глебы ад высакагорна-стэпавых да чырвона-бурых пустынных, часта саланчаковыя. Расліннасць пераважна ксерафільная, разрэджаная, з дзернавінных злакаў (кавыль, аўсяніца, вейнік і інш.), падушкападобнага хмызняку (льярэта і інш.), асобных кактусаў, салянак, трапляюцца нізкарослыя дрэвы (палілепіс, тола і інш.). Пашавая жывёлагадоўля (развядзенне авечак, мулаў, лам); у бас. азёр Тытыкака і Паапо — пасевы збожжавых, бульбаводства. П. вылучаюць таксама як вышынны ландшафтны пояс Цэнтр. Андаў.