НАРДЭ́К, кавуновы мёд, кавуновая патака,
ачышчаны і моцна ўпараны сок з мякаці пладоў кавуна сталовага. Мае кансістэнцыю мёду, колер ад чырвона-бурага да цёмна-карычневага і салодкі (з прысмакам паленага цукру) смак. Мае 55—70% цукроў, у т. л. 29—35% фруктозы, 0,6—1,1% яблычнай к-ты, да 10% нерастваральных рэчываў (мінер. солей, клятчаткі і інш.). Выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці.
т. 11, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.
т. 2, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)