БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),
пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз.кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,
грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. На аўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, на чыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.