КАБЫ́ЛКІ,

нястаткавыя саранчовыя, насякомыя падсямейства саранчовых, падатр. караткавусых прастакрылых. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі 7 родаў. Шкоднікі пасеваў, пашы і сенажацей.

Даўж. да 3 см. Ротавыя органы грызучыя, вусікі кароткія, заднія ногі скакальныя. 2 пары крылаў. Яйцы кладуць у глебу, кучкамі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Зімуюць у фазе яйца ці лічынкі. Адно пакаленне за год. Расліннаедныя.

Кабылкі: 1, 2 — блакітнакрылая; 3 — травянка зялёная; 4 — конік лясны; 5 — конік звычайны.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСТА́ТКАВЫЯ САРАНЧО́ВЫЯ,

гл. Кабылкі.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАНЧО́ВЫЯ (Acridoidea),

надсямейства караткавусых насякомых атр. прамакрылых. У сусв. фауне больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюць статкавых (саранча) і нястаткавых С. (кабылкі, тэтрыгідавыя). На Беларусі каля 50—70 відаў. Насякомыя адкрытых ландшафтаў. Большасць расліннаедныя. Шкоднікі пасеваў, пашы, сенажацей.

Даўж. ад некалькіх мм да 10 см. Цела карычневае, зеленаватае, жаўтаватае, жаўтаватае з разнастайным малюнкам. Ротавыя органы грызучыя. Вусікі не большыя за палавіну даўж. цела. Заднія ногі з патоўшчанымі сцёгнамі, скакальныя. Крылы пярэднія скурыстыя, заднія перапончатыя (у некат. яркаафарбаваныя, напр., чырв. ў агнёўкі). У многіх відаў крылы кароткія або рэдукаваныя. Брушка членістае, у самцоў з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з кароткім яйцакладам. У многіх відаў развіты слыхавы і гукавы апарат. Яйцы адкладваюць у глебу. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне. Лічынкі вылупляюцца вясной, ад дарослых насякомых адрозніваюцца памерамі і зачаткавымі крыламі. Зімуюць яйцы, лічынкі старэйшых узростаў, дарослыя насякомыя.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)