КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.

Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр. ч. Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́ННЫЯ КАРМЫ́,

прадукты расліннага паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёл. Паводле паходжання і спосабу прыгатавання падзяляюцца на: зялёныя (сеяныя зялёныя культуры, кармавыя травы натуральных угоддзяў, бацвінне); зялёныя кансерваваныя (сілас, сянаж); сушаныя травяністыя (сена, сенная мука, травяныя гранулы і брыкеты); коранеклубняплоды, сакаўныя плады (бурак, бручка, морква, бульба, кавун, кабачок) і прадукты іх перапрацоўкі (жамерыны, мелес, брага, мязга); зерне (суцэльнае, драблёнае, плюшчанае) і прадукты яго перапрацоўкі (вотруб’е, піўная шраіна, шрот, макуха); адходы паляводства (салома, мякіна, стрыжні кукурузных пачаткаў, кошыкі сланечніку); драўняныя (галіны, лісце, кармавая цэлюлоза) і інш. Адрозніваюцца высокай колькасцю цукру (у цукр. бураках да 20%), крухмалу (у пладах, клубнях да 70%), цэлюлозы (у сене да 30%, саломе да 70%), пратэіну (у зернебабовых да 30%, у макусе да 40%), вітамінаў А і групы В; менш тлушчаў (у зерні да 6%, зялёнай масе да 1%, найб. у насенні алейных культур — да 40%).

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)