ГА́ДАМЕР (Gadamer) Ганс Георг

(н. 11.2.1900, г. Марбург, Германія),

нямецкі філосаф, заснавальнік філас. герменеўтыкі. Скончыў Марбургскі ун-т (1922). З 1932 праф. філасофіі ў Лейпцыгу, у 1946—47 рэктар Лейпцыгскага ун-та, з 1949 праф. філасофіі ў Гайдэльбергу. У асн. працы «Ісціна і метад» (1960) абгрунтаваў канцэпцыю філас. герменеўтыкі, якую разглядаў не проста як метад гуманіт. навук. а як своеасаблівую анталогію, свайго роду філасофію разумення, што ўключала ўсю сукупнасць чалавечых ведаў пра свет і быццё. Выступаў супраць неапазітывісцкага, рацыянальнага метаду пазнання сац. з’яў і лічыў неабходным перайсці «ад навукі да свету жыцця». Ісціну не можа пазнаваць і абвяшчаць нехта адзін, толькі дыялог дапамагае прыйсці да яе.

Тв.:

Рус. пер.Истина и метод. М., 1988;

Актуальность прекрасного. М., 1991.

Т.І.Адула.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́САЎ Яўген Міхайлавіч

(н. 23.2.1931, г. Разань),

бел. філосаф і сацыёлаг. Акад. АН Беларусі (1994), чл.-кар. АН Беларусі (1977), д-р філас. н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1955). З 1957 на выкладчыцкай рабоце. У 1977—89 дырэктар Ін-та філасофіі і права, з 1989 — Ін-та сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе праблемы тэорыі і метадалогіі навук. пазнання, сацыялогіі экстрэмальных сітуацый і катастроф, асаблівасцяў пераходнага перыяду ў развіцці бел. грамадства. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да вывучэння сац. аспектаў навук.-тэхн. прагрэсу, станаўлення і развіцця духоўнага свету чалавека. Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Дзярж. Прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла прац па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).

Тв.:

Социальные аспекты научно-технической революции. Мн., 1976;

Истина и богословие. Мн., 1988;

Человек на пороге рынка: Социальные ожидания населения. Мн., 1992;

Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЕ І АДНО́СНАЕ,

катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькі як рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс. і адносную ісціну гл. ў арт. Ісціна.

Літ.:

Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)