КО́ЛІНГВУД ((Collingwood) Робін Джордж) (22.2.1889, Коністан, Вялікабрытанія — 9.1.1943),

англійскі гісторык, археолаг, філосаф. Праф. філасофіі Оксфардскага ун-та (1935—41). Даследаваў стараж. гісторыю Вялікабрытаніі («Рымская Брытанія», 1923; «Археалогія рымскай Брытаніі», 1930). Філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам Б.Крочэ. К. імкнуўся выявіць сувязь паміж гісторыяй і філасофіяй, лічыў, што абедзве навукі маюць агульны прадмет — чалавечае мысленне ў працэсе гіст. развіцця. Аўтар філас. прац «Нарыс філасофскага метаду» (1933), «Асновы мастацтва» (1938), «Нарыс метафізікі» (1940), «Новы Левіяфан» (1942) і інш.

Тв.:

Рус. пер.Идея истории;

Автобиография. М., 1980.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПА (Іван Іванавіч) (1869—23.12.1944),

расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). Праф. Юр’еўскага (Тартускага; 1905—19), Каўнаскага (1933—40), Віленскага (1941) ун-таў. У 1921—33 жыў у Празе. Даследаваў пераважна гісторыю ВКЛ 16 ст. Выдаў «Полацкую рэвізію 1552 г.» (1905), 2 тамы Метрыкі ВКЛ, або «Літоўскай метрыкі» («Русская историческая библиотека», т. 27, 1910; т. 30, 1914). Яго працы напісаны ў тыповым для прадстаўніка дзярж. школы гіст.-юрыд. духу, каштоўныя багатым фактычным матэрыялам.

Тв.:

Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586): Опыт исслед. полит. и обществ. строя. Т. 1. СПб., 1901;

Литовский статут в Московском переводе-редакции. Юрьев, 1916;

Западная Россия и ее соединение с Польшей в их историческом прошлом: Ист. очерки. Прага, 1924;

Идея единства русского народа в Юго-Западной Руси в эпоху присоединения Малороссии к Московскому государству. Прага, 1929;

Литовский статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 9, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́ЕЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.3.1874, Кіеў — 23.3.1948),

рускі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1894—98). З 1917 праф. філасофіі Маскоўскага ун-та. Арганізатар «Вольнай акадэміі духоўнай культуры ў Маскве» (1919). У 1922 высланы з СССР, жыў у Берліне, Парыжы. Знаходзячыся пад уплывам філасофіі І.​Канта, Я.​Бёме, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ, У.​Салаўёва, В.​Разанава, абараняў ідэі экзістэнцыялізму, прапагандаваў прымат свабоды над быццём і чалавека над светам, адстойваў абсалютную каштоўнасць любой асобы і любой культуры. У працах «Філасофія свабоды» (1911), «Дух і рэальнасць» (1937), «Экзістэнцыяльная дыялектыка боскага і чалавечага» (1952) і інш. абгрунтаваў канцэпцыю т.зв. новай рэлігійнай свядомасці, або хрысціянскага персаналізму. Паводле Бярдзяева, задача чалавека ў вызваленні свайго духу з палону ўяўнага быцця і «выхадзе з рабства ў свабоду», з варожасці свету ў «касмічную любоў»; гэта магчыма толькі пры выкананні строгіх правіл і норм паводзін, сфармуляваных у Старым запавеце (этыка закону), перайманні подзвігу Ісуса Хрыста (этыка збавення), выхаванні святасці, духоўным узвышэнні асобы і яе свабоднай любові да Бога-творцы (этыка творчасці). Бярдзяеў лічыў неапраўданымі сац. рэвалюцыі, якія прыводзяць «да вынішчэння святасці», гібелі духоўнай культуры. Ён сцвярджаў, што марксізм «засланіў» чалавека класам і не здольны вырашыць праблему свабоды і актыўнасці асобы, асуджаў бесчалавечнасць, насілле і тэрор, якія сталі штодзённай практыкай таталітарных рэжымаў, у т. л. і сталінскага рэжыму ў СССР. Даследаваў праблемы інтэлектуальнай гісторыі Расіі, распрацаваў канцэпцыю т.зв. «камюнатарнасці» (абшчыннасці) або рускай самабытнасці, за мяжой выступаў як патрыёт, прадстаўнік рус. культуры і праціўнік розных формаў месіянскай і шавіністычнай ідэалогіі.

Тв.:

Новое религиозное сознание и общественность. СПб., 1907;

Душа России. М., 1915;

Судьба России: Опыты по психологии войны и национальности. М., 1918 (репр. изд. М., 1990);

Смысл истории. Берлин, 1923;

Тое ж. М., 1990;

О назначении человека. Париж, 1931;

Тое ж. М., 1993;

Русская идея: Осн. проблемы рус. мысли XIX — нач. XX в. Париж, 1946;

Истоки и смысл русского коммунизма. Париж., 1955 (репр. изд. М., 1990);

Философия неравенства. М., 1990;

Самопознание: (Опыт филос. автобиогр.). М., 1991;

Философия творчества, культуры и искусства. Т. 1—2. М., 1994;

Царстви Духа и царство Кесаря. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

М.А.Бярдзяеў.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)