АВІТАМІНО́ЗЫ (ад а... + вітаміны),
група захворванняў, якія развіваюцца пры працяглай адсутнасці вітамінаў у ежы, парушэнні іх засваення або прыгнечанні сінтэзу ў арганізме. Недахоп вітамінаў можа ўзнікнуць у зімова-вясновы перыяд, пры вял. фіз. нагрузках, інфекцыйна-вірусных захворваннях, з узростам. Пры працяглым недахопе або адсутнасці вітаміну С развіваецца цынга, B1 — беры-беры, D — рахіт, PP — пелагра. Часцей сустракаецца адначасовая недастатковасць некалькіх вітамінаў — поліавітаміноз. Прафілактычныя меры: ужыванне вітамінных прэпаратаў, вітамінізацыя ежы, правільнае захоўванне і кулінарная апрацоўка харч. прадуктаў.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз, псеўдаактынамікоз,
хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.
т. 1, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЭ́РА (Duero),
партуг. Дору, рака ў Іспаніі і Партугаліі. Даўж. 925 км, пл. бас. каля 95 тыс. км². Вытокі ў Іберыйскіх гарах, у верхнім і сярэднім цячэнні ў глыбокай даліне перасякае Старакастыльскае пласкагор’е. Пры спуску да прыморскай нізіны ўтварае каньён, упадае ў Атлантычны ак. Вусце Д. — эстуарый, перагароджаны барам. Гал. прытокі: Пісуэрга, Адаха, Эсла, Тормес, Тамега. Сярэдні расход вады ў вусці каля 700 м³/с (самая мнагаводная рака на Пірэнейскім п-ве). Зімова-веснавыя паводкі. Суднаходная на 200 км. ГЭС. Вадасховішча. На Д. — гарады Сорыя, Аранда-дэ-Дуэра, Самора (Іспанія), Порту (Партугалія).
т. 6, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)