ГЛЯК,

ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў — алею, квасу, вады і інш. Часам у ім заварвалі чай, настойвалі зёлкі. Шарападобная, радзей крыху падоўжаная пасудзіна з кароткім вузкім горлам з літком або без яго, з 1—2 ручкамі. Памеры ад цацачных (0,1 л) да вялікіх (8—10 л). Рабілі глякі чорна-задымленыя, паліваныя, зрэдку гартаваныя, упрыгожвалі глянцаваным і лінейна-хвалістым контррэльефным арнаментам, ангобнай размалёўкай.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ БОРЦЬ»,

часопіс Беларускага кааператыўнага т-ва «Пчала». Выдаваўся са жн. 1934 да мая 1938 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Л.А.Войцік (Зоська Верас). Першыя 5 нумароў надрукаваны на шапірографе, астатнія — друкарскім спосабам. Асвятляў пытанні пчалярства, садоўніцтва, агародніцтва, дробнай жывёлагадоўлі і інш. Закранаў праблемы бел. мовы і школьніцтва. Змяшчаў матэрыялы пра мядова-лекарскія зёлкі, вершы і апавяданні, тэматычна звязаныя з пчалярствам. Меў старонку для жанчын, куток наймалодшых, паштовую скрынку. Абменьваўся матэрыяламі з рус., польск., укр., чэш. і ням. пчалярскімі часопісамі. Спыніў існаванне з-за фінансавых цяжкасцяў. Выйшла 25 нумароў.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ДЗІНА Вольга Уладзіміраўна

(н. 20.6.1945, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1997 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Сярод твораў: габелены «Нацюрморт з пэндзлямі» (1976), «Беларуская песня» (1977), «Натхненне» (1980), «Мінск» (1983), «Інтэр’ер» (1988), «Зёлкі» (1994), «Пакаянне» (1996); жакардавая тканіна «Стары і новы Мінск» для рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977) і інш. Выканала габелены-заслоны для Палаца культуры ў г. Бярдзічаў, (Украіна, 1985, з В.Крываблоцкай) і Палаца рэспублікі ў Мінску (1997, з В.Крывашэевай). У работах гармонія ліній, рытмаў і колераў спалучаецца з лірызмам, багатай вобразнасцю.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАХА́РСТВА,

вядомыя са стараж. часоў у розных народаў прымітыўныя спосабы лячэння, якія суправаджаліся пэўнымі рытуаламі. Напачатку З. не аддзялялася ад народнай медыцыны, пазней ператварылася ў лекарскую магію. У аснове такой магіі — вера ў звышнатуральныя сілы, у тое, што чалавек пры пэўных умовах можа ўздзейнічаць на гэтыя сілы. Звычайна знахары выкарыстоўвалі замовы, магічныя дзеянні, травы. Некаторыя з іх валодалі пэўнымі ведамі нар. медыцыны, самі збіралі зёлкі і па стараж. рэцэптах рыхтавалі лячэбныя настоі, адвары, мазі; лячылі «рожу» (рожыстае запаленне), «вогнік» (высыпка, лішаі на скуры), а таксама такія хваробы, як «пярэпалах», «порча», «сурокі» (хваробы ад ліхога вока), «падвей» (ад скразняку), «прыстрэк», «крыкса-плакса» і інш. У наш час З. амаль выцеснена кваліфікаваным мед. абслугоўваннем і традыц. нар. медыцынай.

Л.І.Мінько.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала,

Ян, старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як i «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв. с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц. нар. свята без абрадавай дзейнасці.

Літ.:

Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;

Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;

Беларускія народныя абрады. Мн., 1994.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)