ПАДНЯБЕ́ННЕ,

верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНАЯ РАСКО́ЛІНА ПАДНЯБЕ́ННЯ, «воўчая зяпа»,

прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай верхняй губы. У хлопчыкаў бывае ў 1,5 раза часцей, чым у дзяўчынак. Яе развіццю спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі некат. процісутаргавых сродкаў, алкаголю, лішку вітаміну А і інш. Бывае адна- і двухбаковая, праходзіць праз усё паднябенне ці лакалізуецца ў цвёрдым або мяккім паднябенні. Пры навылётных П.р.п. паміж поласцямі рота і носа ёсць шырокае злучэнне, што істотна абцяжарвае смактанне, глытанне і дыханне нованароджаных. У дзяцей з П.р.п. з узростам парушаецца мова, з’яўляецца гугнявасць. Лячэнне хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба),

«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)