ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),

бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.​Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.

Літ.:

Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд. Мн., 1994;

Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;

Саламевіч І.У. Р.​С.​Зянькевіч // Полымя. 1968. № 9;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 172—183.

У.​Саламевіч.

Р.С.Зянькевіч.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Эдуард Іосіфавіч) (н. 22.3.1945, Ташкент),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990). Скончыў БДУ (1967). З 1967 ў Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фотафізіцы і фотахіміі структурна-арганізаваных мультымалекулярных сістэм, якія мадэлююць першасныя фіз. працэсы фотасінтэзу.

Тв.:

Первичные физические процессы фотосинтеза (разам з Г.​П.​Гурыновічам, А.​П.​Лосевым) // Хлорофилл. Мн., 1974;

Механизмы межхромофорных взаимодействий и релаксация энергии электронного возбуждения в ковалентносвязанных димерах порфиринов (у сааўт.) // Журн. прикладной спектроскопии. 1995. Т. 62, № 3.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зянькевіч Р. С. 5/21—22; 10/530; 11/487; 12/544

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя запазычання, тэорыя вандроўных сюжэтаў,

тэорыя, якая тлумачыла падабенства фальклору індаеўрап. народаў міграцыяй вусна-паэтычных твораў.

Вял. пашырэнне мела ў 2-й пал. 19 ст. побач з міфалагічнай тэорыяй (гл. Міфалагічная школа). Пачатак М.т. паклаў ням. філолаг Т.​Бенфей. Прыхільнікі яе — зах.-еўрап. даследчыкі Р.​Кёлер, Г.​Парыс, А.​Клоўстан, рускія А.​М.​Пыпін, У.​В.​Стасаў, У.​Ф.​Мілер. Недахопам М.т. было тое, што яна разглядала фальклор у адрыве ад асяроддзя, у якім ён бытаваў. Аднак увяла ў навук. ўжытак вял. фактычны матэрыял, пашырыла ўяўленне пра духоўную спадчыну індаеўрап. народаў. Бел. збіральнікі і даследчыкі фальклору ў 19 — пач. 20 ст. выявілі нямала фактаў фальклорнай міграцыі, узаемнага запазычання ў творчасці суседніх, асабліва слав. народаў (Р.​С.​Зянькевіч, Е.​Р.​Раманаў, Я.​Ф.​Карскі).

Літ.:

Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;

Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер с итал. М., 1960;

Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;

Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978.

Л.​М.​Салавей.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.

Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​І.​Шыдлоўскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Я.​Чачот, П.​М.​Шпілеўскі, А.​Кіркор. Р.​С.​Зянькевіч, П.​В.​Шэйн, П.​А.​Бяссонаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Янчук, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​І.​Насовіч, М.​А.​Коласаў, К.​Ю.​Апель, І.​А.​Нядзёшаў, Раманаў, У.​М.​Дабравольскі, А.​К.​Сержпутоўскі, І.​А.​Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.​І.​Сабалеўскі, А.​А.​Шахматаў, В.​А.​Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакалоў, Дз.​М.​Ушакоў).

У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.​А.​Бузук, П.​А.​Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.​В.​Воўк-Левановіч, С.​М.​Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.​І.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​В.​Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.​К.​Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.​В.​Бірыла, Ю.​Ф.​Мацкевіч, Н.​Т.​Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.​М.​Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.​Ф.​Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.

Літ.:

Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)