Зянон, гл. Данялюк А. П.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНО́Н (Zēnōn) з Кітыёна

(востраў Кіпр; каля 336—264 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік стаіцызму. Каля 312 пасяліўся ў Афінах. Вучыўся ў кініка Кратэса, прадстаўніка мегарскай школы Стылпона і кіраўніка платонаўскай Акадэміі Палемона. Каля 300 да н.э. заснаваў сваю школу стоікаў. На фарміраванне яго поглядаў паўплывалі ант. медыцынскія тэорыі, фізіка Геракліта, тэалагічныя ідэі Сакрата, Платона і Арыстоцеля. Вучэнне З. характарызуецца пераважна ўвагай да абгрунтавання ўнутр. незалежнасці асобы. Творы З. («Аб прыродзе», «Супраць філасофіі», «Спрэчкі») захаваліся фрагментарна. Сярод яго вучняў Персей, Клеанф з Аса, Арыстон з Кеоса і інш.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зянон Элейскі 1/382; 4/65; 5/21; 8/103; 11/449

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Зянон з Кітыёна 10/29

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНО́Н ЭЛЕ́ЙСКІ (Zēnōn Heleatēs; каля 490 да н.э., Элея, Паўд. Італія — 430 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Арыстоцель лічыў яго заснавальнікам дыялектыкі як мастацтва спасціжэння ісціны шляхам спрэчак ці тлумачэння процілеглых думак. З.Э. развіваў метафізічнае вучэнне Парменіда, лічыў, што быццё адзінае і нерухомае, а небыццё множнае і знаходзіцца ў руху, ісцінная карціна свету спасцігаецца з дапамогай мыслення. Найб. вядомасць набылі лагічныя аргументы З.Э., т. зв. апарыі — «Ахіл», «Дыхатамія», «Страла», «Стадый». Разважанні З.Э. аб прасторы і часе паслужылі імпульсам для далейшага развіцця ант. матэматыкі, логікі і дыялектыкі. Працы З.Э. не захаваліся, дайшлі толькі невялікія вытрымкі з іх, зробленыя старажытнагрэчаскімі мысліцелямі.

Т.​Л.​Адула.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАК ((Bacq) Зянон Марсель) (н. 31.12.1903, г. Ла-Луўер, Бельгія),

бельгійскі фізіёлаг, фармаколаг і радыебіёлаг. Чл. Каралеўскай бельг. акадэміі навук, л-ры і выяўл. мастацтва і Бельгійскай каралеўскай мед. акадэміі (1946). Замежны чл. АН СССР (1958). Праф. (1934). Скончыў Брусельскі ун-т (1927). У 1929—30 у Гарвардскай мед. школе (ЗША), з 1932 у Льежскім ун-це. Заснавальнік параўнальнай фармакалогіі. Стварыў школу радыебіёлагаў-патолагаў. Навук. працы па таксікалогіі і біяхіміі нерв. працэсаў.

Тв.:

Рус. пер. — Химическая защита от ионизирующей радиации. М., 1968.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎКІС (Зянон Валянцінавіч) (н. 5.10. 1946, в. Мажэйкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1971). З 1981 у Бел. аграрна-тэхн. ун-це, з 1997 — нач. Гал. ўпраўлення адукацыі і кадраў Мінсельгасхарча. Навук. працы па с.-г. машынах і тэхналогіі вырошчвання бульбы, гідрапрыводзе. Разам з інш. распрацаваў бульбаўборачны камбайн КПК-2-01.

Тв.:

Гидроприводы сельскохозяйственных машин. Мн., 1986;

Гидроприводы сельскохозяйственной техники: конструкция и расчет. М., 1990;

Гидравлика и гидравлические машины. М., 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЯЛЮ́К (Аляксандр Пятровіч) (парт. псеўд. Эдмунд Стафанскі, Олек, Зянон; 30.11.1897, Варшава — люты 1937),

дзеяч Кампартыі Польшчы і КПЗБ. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Чугуеўскага рэўкома. З 1919 у Польшчы. У 1921—23 сакратар акр. к-та Дамброўскага басейна КПП, чл. ЦК Кампартыі Усх. Галіцыі, у 1923—29 канд. у чл. ЦК КПП. Удзельнік арганізац. афармлення КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПП на II (1924) канферэнцыі КПЗБ. У 1924 кааптаваны ў ЦК, чл. Сакратарыята ЦК КПЗБ. Дэлегат V (1924) кангрэса Камінтэрна. За рэв. дзейнасць тройчы арыштаваны польск. ўладамі. У 1930 у апараце Выканкома Камінтэрна. У 1931—35 у Кампартыі Румыніі: чл. ЦК і Палітбюро ЦК. З канца 1935 у СССР на гасп. рабоце. У лют. 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФА́Н Калафонскі

(Xenophanes; 6—5 ст. да н.э.),

стараж.-грэч. філосаф і паэт, заснавальнік элейскай школы. Нарадзіўся ў Калафоне, які пакінуў пасля заваявання яго персамі, і вёў жыццё вандроўніка на працягу 67 гадоў. Выкладаў свае погляды ў палемічных вершах. Яго вучнямі былі Парменід, Зянон, Меліс, Эмпедокл. Развіў вучэнне аб адзіным богу як абстрактнай істоце, якая «ўсёй сваёй сутнасцю... бачыць, мысліць, чуе», сілай свайго розуму ўсё ўзрушвае, знаходзіцца ў вечным стане нерухомасці; бог — гэта нешта адзінае, нязменнае, вечнае, шарападобнае. У сувязі з гэтым крытыкаваў ўяўленні прыхільнікаў антрапамарфізму (Гамер, Гесіёд) аб стараж.-грэч. багах, лічыў, што яны скажаюць прыроду багоў, калі прыпісваюць ім усё тое, што ёсць у людзей несумленнага і ганебнага. Асновай быцця лічыў зямлю і ваду.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в. Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),

бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.​Коласа, партызанкі Н.​Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.​І.​Казлова (1946), І.​П.​Ціткова (1945), Е.​С.​Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.​І.​Шубы, мастака А.​Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.​В.​Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.​Ф.​Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.​Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.​І.​Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.​Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.

М.​А.​Міронаў.

З.Паўлоўскі. Партрэт мастака А.​Мазалёва. 1945.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)