ЗЫРА́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі, у міжрэччы сярэдняга цячэння рэк Індыгірка і Калыма. Пл. каля 7500 км². Вугляносная тоўшча ніжнемелавога ўзросту. Магутнасць тоўшчы да 5 км, каля 80 вугальных пластоў. Вуглі каменныя, маркі Б, Д, Ж, К. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23,26 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1935. Цэнтр здабычы — г.п. Зыранка.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Іванавіч) (27.7.1911, с. Зыранка Таліцкага р-на Пермскай вобл., Расія — 9.3.1944),

савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў інжынерам у Пермі і Маскве. У Вял. Айч. вайну з жн. 1942 ў партыз. атрадзе Дз.​М.​Мядзведзева «Пераможцы», які дзейнічаў на Укр. Палессі. Пад імем ням. обер-лейтэнанта Паўля Зіберта вёў разведку ў г. Роўна (Украіна), збіраў і перадаваў у партыз. атрад каштоўныя звесткі і дакументы. Разам з партызанамі рабіў дыверсіі, даставіў у партыз. атрад некалькі ням.-фаш. генералаў і чыноўнікаў. Загінуў у баі з прыхільнікамі С.​А.​Бандэры каля с. Барацін Бродаўскага р-на Львоўскай вобл.

Літ.:

Медведев Д.Н. Это было под Ровно. Элиста, 1968;

Яго ж. Сильные духом. Свердловск, 1971;

Гладков Т.К. Николай Кузнецов М., 1971.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)