Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЙКІ́ (Charadrius),
род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.
Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЬШТУЧНІК, зуёк вялікі (Charadrius hiaticula),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛА́ТАЎ Валерый Мікалаевіч (22.11.1946, г. Нойстрэліц, Германія — 13.7.1999),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, з 1973 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі, з 1978 у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, з 1980 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Валодаў мастацтвам прадстаўлення і пераўвасаблення. Шэраг роляў вылучаліся выразнай формай, кідкімі мастакоўскімі знаходкамі. Стварыў сатыр. і камедыйныя вобразы: у рус. т-ры — Браўн («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Жэронт («Адзіны наследнік» Ж.Ф.Рэньяра), у Магілёўскім т-ры — Несцерка («Несцерка» В.Вольскага), у т-ры імя Я.Купалы — Спічыні («Тутэйшыя» Я.Купалы), Андрон («Вежа» А.Дударава і А.Жука). Сярод драм. роляў: у рус. т-ры — Мальер («Мальер» М.Булгакава); у т-ры імя Я.Купалы — Мікола («Парог» Дударава), Сцяпан («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема), Зуёк [«Страсці па Аўдзею» («Крык на хутары») У.Буграмеева], Растанёў («Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага), а таксама вобразы ўмоўна-сімвалічнага прадстаўлення: доктар Вангель («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Дарагі калега («Чароўная ноч» С.Мрожака). Філіграннае майстэрства выявіў у псіхал. распрацоўцы характараў Івана Каламійцава («Апошнія» М.Горкага) у рус. т-ры і Дзерваеда («Радавыя» Дударава, Дзярж. прэмія СССР 1985) у Т-ры імя Я.Купалы. Сярод інш. роляў: у Магілёўскім т-ры — Лебедзеў («Ідыёт» паводле Дастаеўскага), Левінсон («Разгром» паводле А.Фадзеева); у т-ры юнага гледача — Апейка («Подых навальніцы» паводле І.Мележа); у т-ры імя Я.Купалы — Восіп («Рэвізор» М.Гогаля), Шчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Калібан («Бура» У.Шэкспіра), Тарцюф («Тарцюф» Мальера).