КЛІН,

дэталь прызматычнай формы, 2 рабочыя паверхні якой сыходзяцца пад вуглом. Раскліньвальнае дзеянне К. дае значны выйгрыш у сіле: пры малым вугле і разліковым каэф. трэння 0,1 папярочная сіла ў 5 і болей разоў перавышае прыкладзеную падоўжную сілу. К. — адна з вял. стараж. вынаходак чалавецтва. Выкарыстоўваецца як інструмент (сякера, калун, зубіла і да т.п.), рэгуліровачная або ўстановачная дэталь у механізмах і машынах, заціскная дэталь у раздымных нерухомых клінавых злучэннях і інш.

Дзеянне сіл у злучэнні з клінам: Fy — прыкладзенае намаганне; Fx — раскліньваючыя намаганні (Fx > Fy).

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕ́НТ (ад лац. instrumentum прылада),

прылада працы чалавека або выканаўчы механізм машыны. Адрозніваюць І. ручны (долата, малаток, зубіла і інш.), станочны (разцы, фрэзы, свердлы і інш.) і механізаваны з эл., гідраўл. або пнеўматычным прыводам (т.зв. ручныя машыны — свідравальныя, шліфавальныя, рубільныя, апіловачныя, кляпальныя, шабравальныя і інш.).

Найб. пашыраны дрэварэзальны інструмент, кавальскі інструмент, металарэзны інструмент, слясарна-зборачны інструмент, сталярна-цяслярскі інструмент, а таксама рознага прызначэння абразіўны інструмент. Асобную групу складае вымяральны 1.: вугламеры, глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры, штангенінструмент, калібры, канцавыя меры, лінейкі, цыркулі і г.д. (гл. Вымяральная тэхніка). Да І. адносяць таксама: некаторыя прыстасаванні, штампы, ліцейныя мадэлі, какілі; І. для хірург. аперацый у медыцыне і ветэрынарыі (гл. Хірургічныя інструменты); музычныя інструменты.

Літ.:

Инструменты и приспособления 2 изд. Мн., 1997.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для ручной і машыннай коўкі — для дэфармавання, перамяшчэння, захопу, падтрымлівання і вымярэння загатовак.

Адрозніваюць К.і. асноўны, падтрымны і вымяральны. Асн. інструмент: для ручной коўкі — кавадлы, кувалды, малаткі, ручныя молаты, барадкі (для прабіўкі адтулін), зубілы, абціскачкі і падбойнікі (для аддзелкі паковак); машынны — байкі (плоскія, фасонныя, закругленыя, камбінаваныя), пліты, прошыўні (для прабіўкі адтулін) і інш. Падтрымны для ручной коўкі — клешчы, стойкі, для машыннай — патроны. Вымяральны К.і. — кронцыркулі, нутрамеры, лінейкі і інш. Робяць К.і. з нізкалегіраваных канструкцыйных і высокавугляродзістых інструментальных сталей з выкарыстаннем тэрмічнай апрацоўкі.

Кавальскі інструмент для ручной коўкі: 1 — кувалда; 2 — барадок; 3 — кавадла; 4 — ручнік; 5 — зубіла; 6 — малаток; 7 — сякера па метале; 8 — абціскачка; 9 — падбойнік; 10 — клешчы.
Кавальскі інструмент для машыннай коўкі: 1, 2, 3 — плоскія, выразныя і закругленыя байкі; 4 — абціскачка; 5 — пераціскачка; 6 — патрон; 7 — раскаткі.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)