Зруб 4/272, 438; 7/415; 12/650

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУБ,

сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвён або брусоў, злучаных у чатырохвугольныя ці інш. формы вянкі. Гл. ў арт. Вянковая канструкцыя.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутры асн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн. дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).

Ю.А.Якімовіч.

Олтушская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМБА́РДА (франц. bombarde),

адзін з першых узораў артыл. гарматаў (14—16 ст.). Выкарыстоўваліся пры аблозе і абароне крэпасцяў. Жалезны або бронзавы ствол бамбарды ўкладаўся ў драўляную калоду (зруб), якая ўпіралася ў пáлі ці мураваную сцяну. Калібр 1000 мм, маса бамбарды 14—19 т, маса каменнага ядра 300—400 кг, далёкасць тральбы да 700 м.

Бамбарда.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗБІЦА,

1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.

2) Зрубная апора мастоў.

3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.

С.А.Сергачоў.

Ізбіца.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЯ́ЦІЦКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Мясяцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1794. Царква трохзрубная, з прамавугольнымі ў плане асн. зрубам і бабінцам і 5-граннай апсідай. Асн. зруб накрыты шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане, бабінец і апсіда — вальмавым. Пры ўваходзе тамбур пад 2-схільным дахам. Сцены гарызантальна ашаляваны. На Пд ад царквы 2-ярусная зрубна-каркасная званіца пад шатровым дахам.

Ю.Л.Якімовіч.

Мясяціцкая царква Параскевы Пятніцы.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНЯ, гарадня́,

тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.

С.А.Сергачоў.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ «ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДО́МІК»,

помнік архітэктуры стылю ампір. Пабудаваны ў Гомелі ў 1820. Будаваўся як зімовая рэзідэнцыя Румянцавых. Кампактны прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым 4-схільным дахам. Канструкцыя мяшаная: драўляны зруб з вонкавым слоем атынкаванай цаглянай муроўкі. Да асн. аб’ёму па баках прыбудаваны невял. мураваныя аб’ёмы, завершаныя ступеньчатымі атыкамі. У цэнтры гал. фасада 6-калонны дарычны порцік з тэрасай над ім. Арх. акцэнт кампазіцыі — мансарда з вял. паўцыркульным праёмам і атыкавым завяршэннем. У дэкоры фасада выкарыстаны рустоўка, барэльефы. У інтэр’еры захаваліся 3 кафляныя печы.

т. 5, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.

Ельская Троіцкая царква.

т. 6, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЕ́ЛЬСКАЯ Ю́Р’ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)