УО́ЛЕС (Wallace) Генры Эгард (7.10.1888, штат Аява, ЗША — 18.11.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Публіцыст. З 1928 належаў да Дэмакр. партыі. У 1933—40 міністр сельскай гаспадаркі, у 1941—45 віцэ-прэзідэнт ва ўрадзе Ф.Д.Рузвельта. Са студз. 1945 міністр гандлю. У вер. 1946 зняты з пасады за крытыку палітыкі прэзідэнта ЗША Г.​Трумэна адносна Сав. Саюза. Кандыдат у прэзідэнты ЗША на выбарах 1948 ад заснаванай ім і яго прыхільнікамі Прагрэс. партыі. Пацярпеўшы паражэнне, адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 16, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕРЫЯ́Л (ад лац. impérialis імператарскі),

залатая манета Рас. імперыі вартасцю ў 10 руб. Эмітаваны ў 1755—1911 з перапынкамі, і паўімперыял вартасцю ў 5 руб., у 1755 — падвоены І. У выніку грашовай рэформы Вітэ ў 1897 выпушчаны І. з адзнакай наміналу ў 15 руб. і паўімперыял у 7 руб. 50 кап. (у 1910 зняты з абарачэння).

Імперыял: 1—2. Лізавета Пятроўна, 1755, 1757; 3. Кацярына II, 1781; 4. Аляксандр I, 1804; 5. Аляксандр III, 1886; 6—7. Мікалай II 1896, 1899.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́КАЎ Леанід Фёдаравіч (12.12.1928, г.п. Чаркаскае Данецкай вобл., Украіна — 11.4.1979),

украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Украіны (1974). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1951). Да 1960 працаваў у Харкаўскім т-ры імя Т.​Шаўчэнкі. У кіно з 1952: «Лёс Марыны», «Максім Перапяліца», «Дарагі мой чалавек», «Добраахвотнікі» і інш. Яго мастацтва адметнае лірызмам, мяккім гумарам. Сярод рэжысёрскіх работ: «У бой ідуць адны «старыя» (і роля Цітарэнкі, 1974), «Аты-баты, ішлі салдаты...» (і роля Святкіна, 1977; за абедзве Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1977). Пра Быкава зняты фільм «...Якога любілі ўсе» (1982).

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫМУТАГЕ́НЫ (ад анты... + мутагены),

хімічныя і фізічныя фактары, здольныя паніжаць або прадухіляць дзеянне мутагенаў, у выніку чаго змяншаецца частата мутацый.

Адкрыты ў 1950-я г. Натуральныя антымутагены забяспечваюць захаванне пэўнага ўзроўню спантанных мутацый. Сярод іх важнейшымі з’яўляюцца некаторыя ферментныя сістэмы і метабаліты, якія «выпраўляюць» папсаваныя мутагенам участкі храмасом або перашкаджаюць іх узнікненню. Пры штучным мутагенезе мутацыйны эфект можа быць паніжаны або зняты радыепратэктарамі (сульфгідрыльныя злучэнні, моцныя аднаўляльнікі тыпу Na2S2O3, некаторыя спірты і вуглякіслыя солі) або ўздзеяннем некаторых фіз. фактараў (святло, т-ра, ультрафіялетавыя прамяні) рознай інтэнсіўнасці.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУПА́ЛІНКА»,

жаночы вакальны квартэт. Існаваў у 1966—87. Створаны пры Дзярж. нар. хоры Беларусі па ініцыятыве Г.​Цітовіча. З 1976 у складзе харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У розныя гады ў ім працавалі В.​Антонава, В.​Марозава, Н.​Баканава, Н.​Бранковіч, Н.​Гумянюк, А.​Цялькова. Рэпертуар «К.» ўключаў апрацоўкі бел. нар. песень (каляндарна-земляробчых, любоўна-лірычных, сямейна-быт., жартоўных), арыгінальныя творы бел. кампазітараў. Квартэт вылучаўся высокай вак. тэхнікай і выканальніцкай культурай, дакладнасцю ў перадачы стылявых асаблівасцей розных фалькл. жанраў. У 1983 на бел. тэлебачанні зняты фільм-канцэрт «Купалінка».

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛАМЕ́НЦАВА (Шэламенцава) Людміла Сяргееўна

(н. 28.5.1937, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. піяністка, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Праф. (1996). Скончыла Бел. кансерваторыю (1962; кл. М.​Бергера). З 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі, адначасова з 1988 у муз. каледжы пры акадэміі (з 1995 заг. фартэпіяннага аддз.). Пра яе зняты тэлефільм «Людміла Шаламенцава» (1998) з серыі «Творцы».

Літ.:

Капуста А. Людміла Шаламенцава: «Мэта педагога — узгадаваць асобу...» // Мастацтва. 1999. №6;

Латушка Н. Калі вучні «перамагаюць» Амерыку... // Там жа. 2002. № 3/4.

І.​Л.​Чэбан.

т. 17, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАРТЫРАЛО́Г БЕЛАРУ́СІ»,

добраахвотнае грамадска-асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму. Створаны 19.10.1988 у Мінску на ўстаноўчым сходзе, які зацвердзіў статут і дэкларацыю т-ва. Кіруючыя органы «М.Б.» — канферэнцыя і грамадская рада, выканаўчыя — выканаўчая камісія і рабочыя групы. Асн. мэты — раскрыццё масавых рэпрэсій у 1920—50-я г., высвятленне колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці. Выдадзены бюлетэнь «Мартыралог» (1989), зняты дакумент. фільм «Дарога ў Курапаты» (1990, рэж. М.​Жданоўскі), праведзена канферэнцыя «Час, помнікі, людзі. Памяці рэпрэсіраваных археолагаў» (1993) створаны каталог памятных знакаў (больш за 40), устаноўленых на месцах пахавання ахвяр паліт. рэпрэсій.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯДЫ́Х Канстанцін Фёдаравіч (21.1.1908, пас. Папярэчны Зерэнтуй Чыцінскай вобл., Расія — 21.11.1979),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Чыцінскім пед. тэхнікуме. Друкаваўся з 1924. Першая кн. вершаў «Забайкалле» (1933). У паэт. зб-ках «Сэрца» (1934), «Вершы» (1936), «Родны стэп» (1937), «Над стэпам сонца» (1948), «Стэпавыя макі» (1969) і інш. мінулае і будучыня, людзі і прырода Сібіры. Раманы «Даурыя» (кн. 1—2, 1942—48; Дзярж. прэмія СССР 1950) і «Бацькоўскі край» (1958; на аснове раманаў зняты фільм «Даурыя») пра жыццё сібірскага казацтва, грамадз. вайну.

Тв.:

Даурия. Роман. Л., 1989.

Літ.:

Войлошников П.А. Константин Седых. Абакан, 1959.

т. 15, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РТМАНЕ (Artmane) Вія (сапр. Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),

латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.​Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.​Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.

В.Артмане.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЛІН Уладзімір Паўлавіч (н. 1.3.1942, г. Бішкек),

бел. віяланчэліст, педагог, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1965, кл. А.П.Стагорскага). З 1964 канцэртмайстар аркестра Бел. тэлебачання і радыё пад кіраўніцтвам Б.​Райскага. З 1971 (з перапынкам) педагог гімназіі-каледжа пры Бел. акадэміі музыкі, адначасова з 1988 муз. кіраўнік і дырыжор заснаванага ім камернага аркестра пры гімназіі-каледжы. Пра творчасць П. зняты фільмы «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (1995), «Другое жыццё» (1999), «Уладзімір Паўлавіч Перлін» (2002) і інш. Сярод вучняў: Г.​Анішчанка, А.​Багранцаў, К.​Злотнікаў, А.​Кісялёў, А.​Кучынскі, І.​Лапараў, М.​Самсонаў, У.​Сянкевіч, А.​Храмушын і інш.

І.​Л.​Чэбан.

т. 18, кн. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)