НАБІЛІТЭ́Т (ад лац. nobilitas знаць),

у Рымскай рэспубліцы замкнутае кола патрыцыянскіх і знатных плебейскіх сем’яў, якое сфарміравалася да пач. 3 ст. да н.э. Паводле традыцыі толькі прадстаўнікі Н. маглі займаць вышэйшыя дзярж. пасады. Н. быў захавальнікам паліт. традыцый арыстакратычнай рэспублікі, але з яго асяроддзя выходзілі і апазіцыйныя палітыкі. У часы імперыі страціў былое значэнне. У больш шырокім значэнні, у т. л. ў стараж. аўтараў, Н. — «знаць», у процілегласць «народу», «чэрні».

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІГО́ЙЦЫ (франц. Albiegeois),

удзельнікі ерэтычнага руху ў паўд. Францыі ў 12—13 ст., прыхільнікі вучэнняў катараў і вальдэнсаў. Назва ад аднаго з цэнтраў руху г. Альбі. Адмаўлялі асн. догматы каталіцкай царквы, патрабавалі ліквідаваць царк. іерархію, землеўладанне і дзесяціну. Асн. склад альбігойцаў — рамеснікі, сяляне, іх падтрымлівалі рыцары і знаць, якія дамагаліся зямельных багаццяў царквы. На Тулузскім саборы 1119 адлучаны ад царквы, асуджаны Усяленскім саборам 1215. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 знаць адышла ад ерасі. Рэшткі альбігойцаў знішчаны інквізіцыяй у 13 — пач. 14 ст.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,

пасяленне канца 5—3 ст. да н.э. каля г. Каменка-Дняпроўская і с. Вял. Знаменка Запарожскай вобл. (Украіна). Пл. каля 12 км². З боку стэпу было ўмацавана земляным валам і ровам, а з Пн і З ахавана ярамі над Дняпром, р. Конка і Белазерскім ліманам. У паўд.-зах. частцы знаходзіўся акропаль, дзе жыла скіфская знаць. Жыхары займаліся вырабам бронзавых і жал. прылад, ткацтвам, ганчарствам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Рамеснікі жылі ў зямлянках і слупавых наземных пабудовах, знаць — у мураваных дамах. Паселішча з’яўлялася буйным рамесным і гандл. цэнтрам, цесна звязаным з грэчаскімі калоніямі Паўн. Прычарнамор’я і мясц. насельніцтвам Скіфіі.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫ́Р, бахадур (цюрк.-манг.),

ганаровае званне ў цюркаў і манголаў, якое давалася за воінскія подзвігі. З батыраў фарміравалася феад. знаць. Тэрмін «батыр» з’явіўся не пазней як у 6 ст., шырока распаўсюджаны ў фальклоры і побыце цюрк. народаў.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́З (Атар-аглы) (15.8.1884, г. Хіва — 1919),

узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ. У 18-гадовым узросце стаў прызнаным нар. паэтам Харэзма. Прадаўжальнік традыцый класічнай узб. літаратуры. У вершах рэалістычна адлюстроўваў тагачасную рэчаіснасць, выкрываў феад. знаць і ўлады. Аўтар зб. лірыкі «Шчаслівыя дні». Пісаў розныя па форме вершы (рубаі, газель, кыта і інш.), выкарыстоўваў фальклорныя вобразы.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛІ́СТЫ,

палітычная групоўка клерыкальнага і манархісцкага кірунку (каталіцкае духавенства, вышэйшая знаць, вярхі арміі і інш.) у Іспаніі з 1833. Назва ад прыхільнікаў прэтэндэнта на ісп. прастол дона Карласа Старэйшага, сына караля Карла IV (правіў у 1788—1808). Адстойвалі рэліг. і абсалютысцкія традыцыі ў Іспаніі (адсюль другая назва традыцыяналісты). Развязалі Карлісцкія войны 1833—40 і 1872—76. У 1936—39 удзельнічалі ў антырэсп. мяцяжы ген. Ф.​Франка, які ў 1937 аб’яднаў арг-цыі К. з іспанскай фалангай. Выступаюць за права на ісп. прастол прынца Бурбон-Пармскага Карласа Хуга.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМНІ́НЫ (Komnēnoi),

дынастыя імператараў Візантыі ў 11—12 ст. Паходзілі фактычна ад военачальніка Ісаака I Камніна, імператара ў 1057—59, але заснавальнікам дынастыі лічыцца Аляксей I Камнін [1081—1118). Інш. прадстаўнікі: Іаан II Камнін [1118—43], Мануіл I [1143—80], Аляксей П [1180—83], Андронік I [1183—85]. Апіраліся на ваенна-феад. знаць і правінцыяльныя гарады. Умацавалі землеўладанне, ліквідавалі рухі багамілаў і інш., уладу ў правінцыях перадалі военачальнікам (дукам), апалчэнне замянілі наёмным войскам, падпарадкавалі правасл. царкву; атрымалі шэраг перамог над сельджукамі, аднак пасля захопу г. Фесалонікі нарманамі вымушана саступілі ўладу дынастыі Ангелаў. Нашчадкі Андроніка I у 1204—1461 правілі ў Трапезундскай імперыі пад імем «Вялікіх Камнінаў».

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЛО́ТЫ,

палітычная групоўка ў г. Фесалонікі (Візантыя) у 1340-я г. Узнікла ў перыяд барацьбы паміж канстанцінопальскім урадам Аляксея Апакаўка (праводзіў цэнтралізатарскую палітыку) і правінцыяльнай знаццю на чале з Іаанам Кантакузінам. У склад З., якія былі на баку ўрада, уваходзілі сталічнае чыноўніцтва, купцы і заможныя рамеснікі, іх падтрымлівалі нар. масы. У 1342 яны паўсталі супраць мясц. знаці і захапілі ўладу ў горадзе. У выніку перавароту і забойства Апакаўка (1345) улада перайшла да феад. знаці, якая вырашыла перадаць горад Кантакузіну. Абураны народ летам 1345 перабіў феад. знаць і горадам зноў авалодалі З. Яны адмовіліся прызнаць уладу Кантакузіна, які ў 1347 пад імем Іаана VI узурпіраваў імператарскі прастол і ў 1349 задушыў рух З. з дапамогаю туркаў.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДНЫЯ КНІ́ГІ,

«гасударавы разрады», кнігі запісаў распараджэнняў урада Расіі пра штогадовыя прызначэнні на ваен., цывільную і прыдворную службу ў 16 — пач. 18 ст.; зборы (зводы) вытрымак з розных афіц. дакументаў. Вяліся дзякамі велікакняжацкай (з 1547 царскай) канцылярыі, потым Разраднага прыказа. «Гасударавы разрады» складаліся кожны раз за некалькі гадоў або дзесяцігоддзяў, з 1613 — штогод. Пасля 1613 з’явіліся новыя віды афіц. Р.к. (захаваліся за 1613—36), прысвечаныя ў асн. апісанню службы на паўд. межах, скарочаная рэдакцыя Р.к. 1636 (з тэкстам за 1550—1636) і інш. Пры скасаванні месніцтва (1682) большасць старых Р.к. спалена, бо іх звычайна выкарыстоўвала ў месніцкіх спрэчках служылая знаць. Канчаткова вядзенне Р.к. спынена пасля ліквідацыі Разраднага прыказа (1711).

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 9.1.1952, Мінск),

бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.​Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.​Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.​Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)