ВАСІ́ЛЬЕВА Настасся Якаўлеўна, бел. этнограф, фалькларыст і краязнавец 2-й пал. 19 ст. У 1874—80 жыла на Палессі, некаторы час працавала валасным пісарам у в. Грабаў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.). Супрацоўнічала з Мінскім губернскім стат. к-там, Т-вам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Даследавала побыт, матэрыяльную культуру, абрады, фальклор сялян, вывучала гісторыю і этнаграфію вёсак Мазыршчыны. Аўтар артыкулаў «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце» (абодва 1877), «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета» (1878), «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Кірмашы ў Мазырскім павеце» (абодва 1879), «Знахары», «Вытрымкі з жыцця беларускай жанчыны» (абодва 1880) і інш.

А.Ю.Лозка.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАХА́РСТВА,

вядомыя са стараж. часоў у розных народаў прымітыўныя спосабы лячэння, якія суправаджаліся пэўнымі рытуаламі. Напачатку З. не аддзялялася ад народнай медыцыны, пазней ператварылася ў лекарскую магію. У аснове такой магіі — вера ў звышнатуральныя сілы, у тое, што чалавек пры пэўных умовах можа ўздзейнічаць на гэтыя сілы. Звычайна знахары выкарыстоўвалі замовы, магічныя дзеянні, травы. Некаторыя з іх валодалі пэўнымі ведамі нар. медыцыны, самі збіралі зёлкі і па стараж. рэцэптах рыхтавалі лячэбныя настоі, адвары, мазі; лячылі «рожу» (рожыстае запаленне), «вогнік» (высыпка, лішаі на скуры), а таксама такія хваробы, як «пярэпалах», «порча», «сурокі» (хваробы ад ліхога вока), «падвей» (ад скразняку), «прыстрэк», «крыкса-плакса» і інш. У наш час З. амаль выцеснена кваліфікаваным мед. абслугоўваннем і традыц. нар. медыцынай.

Л.І.Мінько.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)