РАСТВОРАЗМЯША́ЛЬНІК,

стацыянарная або перасоўная ўстаноўка для прыгатавання будаўнічых раствораў, што выкарыстоўваюцца пры каменнай муроўцы, тынкавальных работах і інш. Мае барабан, у які загружаюцца кампаненты раствораў (цэмент, пясок, вада) і перамешваюцца вінтавымі лопасцямі, ўстаноўленымі на вале з электрапрыводам.

Перасоўны растворазмяшальнік: 1 — электрарухавік; 2 — змяшальны барабан; 3 — лопасць.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЫЁД,

двухэлектродная паўправадніковая прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на ўласцівасцях p-n-пераходу (найб. пашырана), кантакту метал—паўправаднік (гл. Шоткі дыёд) або аб’ёмных эфектаў у аднародным паўправадніку (гл. Гана дыёд).

Вырабляюцца на аснове германію, крэмнію, арсеніду галію і інш. Паводле канструкцыйных асаблівасцей адрозніваюць кропкавыя П.д. (да паўправадніковага крышталя прыціскаецца спружынная метал. іголка) і плоскасныя П.д. (атрымліваюць метадамі дыфузіі і ўплаўлення дамешкаў, іоннай імплантацыі, эпітаксіяльнага нарошчвання, вакуумнага напылення і інш.). Вызначаюцца малымі габарытнымі памерамі, масай і спажывальнай магутнасцю, вял. тэрмінам службы і інш. Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў шырокім дыяпазоне частот для выпрамлення пераменнага току (сілавы, ці выпрамны П.д.), генерыравання і ўзмацнення эл. ваганняў (напр., лавінна-пралётны, тунэльны і параметрычны дыёды), пераўтварэння частаты (змяшальны і памнажальны ЗВЧ-дыёды), дэтэктыравання мадуляваных ваганняў, стабілізацыі напружання (стабілітрон) і інш.

В.​К.​Кананенка.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)