БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,

палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. Злакі).

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,

экскрэцыя, вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл. Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.

А.С.Леанцюк.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)