Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ТУРБІ́НА,
актыўная або рэактыўная турбіна, якая пераўтварае цеплавую энергію сціснутага і нагрэтага газу ў мех. энергію вярчальнага вала. Асн. часткі газавай турбіны — нерухомы сапловы апарат (вянец сапловых лапатак, замацаваных на корпусе турбіны) і рабочае кола (дыск з рабочымі лапаткамі), злучанае з валам турбіны. Сапловы апарат у спалучэнні з рабочым колам складаюць ступень турбіны (практычна ўсе газавыя турбіны шматступеньчатыя). Магутнасць газавых турбін да 150 МВт. Звычайна выкарыстоўваюцца ў газатурбінных рухавіках і ўстаноўках (на самалётах, газатурбінных электрастанцыях, як прывод газавых кампрэсараў, помпаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).
Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз.гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш. для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз.гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.
Да арт.Гідрадынамічная перадача. а — гідрамуфта (1 — помпавае кола на вядучым вале; 2 — турбіннае кола на вядзёным вале); б — гідратрансфарматар (1 — помпавае кола на вядучым вале, 2 — накіравальны апарат, або рэактар, 3 — турбіннае кола на вядзёным вале).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕЛІ́НУСЫ (Aphelinus),
род паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых. 40 відаў, на Беларусі 16—17. Найб. вядомыя Aphelinus asychis, Aphelinus chaonia, Aphelinus varipes.
Даўж. 0,5—1,5 мм. Цела чорнае або з жоўтым малюнкам. Брушка сцябліністае, рухома злучанае з грудзьмі. Размнажэнне пераважна палавое. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Некаторыя — эфектыўныя паразіты тлёў. Aphelinus mali завезены ў 1926—30 з Паўн. Амерыкі, выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з небяспечным шкоднікам яблыняў — крывяной тлёй. Самкі афелінусаў адкладваюць яйцы ў цела тлі, лічынкі, што з іх выходзяць, знішчаюць тлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦІ́Н, вітамін H,
C10H16O3N2S, гетэрацыклічнае арган. злучэнне, якое ўтвараецца вышэйшымі раслінамі і мікробамі; у чалавека і большасці жывёл — мікрафлорай кішэчніка; сінтэзаваны штучна. Малекула біяціну мае тыяфенавае кольца, злучанае з рэшткамі мачавіны і валяр’янавай к-ты. Бясколерныя ігольчастыя водарастваральныя крышталі з tпл 230—232 ºC. Устойлівы да святла, награвання, кіслароду паветра, разбаўленых к-т. Найб. колькасць біяціну ў мясе, печані, нырках, яечным жаўтку, малацэ, дражджах, памідорах, соі, бобе, шпінаце. Уваходзіць у састаў ферментаў, якія рэгулююць абмен тлушчаў і бялкоў. Пры недахопе біяціну ў арганізме з’яўляецца мышачная слабасць, параліч, хваробы скуры, выпадаюць валасы, затрымліваецца рост. Сутачная норма біяціну для дарослага чалавека 0,01—0,025 мг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),
надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛІЯ (England),
адміністрацыйна-палітычная частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі, яго гіст. ядро. Займае большую ч. в-ва Вялікабрытанія. Назва ад стараж.-герм. племені англаў. Англіяй часта называюць усё Злучанае Каралеўства (гл.Вялікабрытанія). Пл. 131 тыс.км², нас. 46,2 млн.чал. (1991; 54% усёй плошчы і 80% насельніцтва краіны). Падзяляецца на 39 графстваў, 6 метрапалітэнскіх графстваў і В. Лондан. Гал. горад — Лондан. Найбольшыя гарады і прамысл. цэнтры: Лондан, Бірмінгем, Манчэстэр, Ліверпул, Шэфілд, Лідс і інш. Англія — эканамічна найб. развіты раён Вялікабрытаніі, дзе сканцэнтравана больш за 70% гарадоў (сярод іх 6 канурбацый — прамысл. цэнтраў, ускраіны якіх зліліся). Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная, чорная металургія, металаапрацоўка, харчовая, тэкстыльная. Развіта машынабудаўнічая (аўта-, авія-, станка- і прыладабудаванне), электра- і радыётэхнічная, атамная прам-сць. На Англію прыпадае больш за 70% пасяўной плошчы краіны, гэта асн. раён малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтва і пладаводства. Англія мае густую трансп. сетку, праз яе парты (Лондан, Ліверпул, Саўтгемптан і інш.) праходзіць каля 80% грузаабароту краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́РАЧНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
комплекс тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для зваркі. Бываюць ручныя (гарэлкі зварачныя для газавай зваркі, электратрымальнікі для дугавой і інш.), механізаваныя (шлангавыя паўаўтаматы для дугавой зваркі з механізаванай падачай зварачнага дроту, механізаваныя ўстаноўкі для мікразваркі) і аўтам. (самаходныя і падвесныя зварачныя галоўкі, зварачныя трактары, спецыялізаваныя зварачныя ўстаноўкі, у т. л. аўтаматызаваныя для мікразваркі). Аўтам. З.а. пры дугавой і электрашлакавай зварцы падае электрод у зону зваркі, перамяшчае дугу і электрод адносна вырабаў, якія злучаюцца.
Тэхналагічна злучанае паміж сабой З.а. аб’ядноўваюць у стацыянарны або перасоўны зварачны пост, а некалькі тэхналагічна звязаных пастоў — у зварачную лінію. Пасты аснашчаюцца: зварачнымі генератарамі (пастаяннага або пераменнага току павышанай частаты для дугавой зваркі, у т. л. пад флюсам і ў ахоўных газах); зварачнымі трансфарматарамі (для сілкавання зварачных працэсаў пераменным токам пры дугавой і кантактнай зварцы); зварачнымі выпрамнікамі (з селенавымі або крэмніевымі паўправадніковымі элементамі для сілкавання зварачнай дугі пастаянным токам пры дугавой ручной і аўтам. зварцы); спец. прыстасаваннямі (зварачныя цялежкі, стэнды, кантавальнікі, маніпулятары, клямары); інструментамі (наладачныя, вымяральныя і інш.). Зварачныя аўтаматы і робаты, якія шырока ўкараняюцца ў вытв-сць, забяспечваюць аўтаматызацыю дугавой і кантактнай зваркі.
Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.