ДУХІ́,
парфумерны сродак; спіртавы ці спіртаводны раствор сумесей пахучых рэчываў — парфумерных кампазіцый і настояў. Маюць ад 10 да 50% кампазіцый, канцэнтраваныя — больш за 20%. У склад кампазіцыі звычайна ўваходзяць некалькі дзесяткаў розных пахучых рэчываў. Паводле характару паху падзяляюць на 2 групы: кветкавыя (імітуюць пах кветак) і фантазійныя (пах створаны фантазіяй парфумера). Д. сухія (сашэ) — пакецікі з паперы ці тканіны, напоўненыя цвёрдымі пахучымі рэчывамі (пялёсткі ружы, здробнены корань касача і інш.), якія кладуць у бялізну для надання ёй прыемнага паху. Гл. таксама Парфумерыя.
т. 6, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ДАЛАМІ́Т».
Створана ў 1931 у г.п. Руба Віцебскага р-на як вапнавы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1949 адноўлены. Пасля пуску ў 1967 1-й чаргі з-да даламітавай мукі — камбінат вапнавых матэрыялаў. У 1971 пушчана 2-я чарга гэтага з-да, у 1974 пабудаваны з-д «Гралева 1», у 1978 — «Гралева 2».
З 1978 ВА «Даламіт», з 1995 сучасная назва. Працуе на мясц. сыравіне — даламітах радовішча Гралева. Асн. прадукцыя (1996): даламітавае ўгнаенне для вапнавання кіслых глеб, мінер. парашок для асфальтабетонных сумесей, напаўняльнік для покрыўнага слоя руберойду, здробнены даламіт для буд. работ і інш.
т. 4, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАРО́БСТВА,
прыгатаванне віна шляхам спіртавога браджэння з вінаграду, а таксама з соку пладоў і ягад. Тэхнал. працэсы вырабу вінаграднага віна падзяляюць на першаснае вінаробства (перапрацоўка вінаграду, прыгатаванне вінаматэрыялаў) і другаснае вінаробства (апрацоўка і вытрымка вінаматэрыялаў з мэтай надання ім пэўнага смаку, букета, паху і стабільнасці).
Асн. працэс першаснага вінаробства — спіртавое браджэнне сусла, у якое ўводзяць чыстую культуру дражджэй; браджэнне можа адбывацца і на прыродных дражджах, якія ёсць у вінаградзе. Для прыгатавання мацаванага і дэсертнага віна разам з сокам зброджваюць ці настойваюць і здробнены вінаград. Для сухіх він сусла зброджваюць поўнасцю, для паўсухіх, моцных і дэсертных — часткова. Найб. эфектыўныя для вытрымкі і захоўвання віна вінныя падвалы ці вінасховішчы (наземныя памяшканні з кандыцыяніраваннем паветра). Пры вытрымцы праводзяць даліўку, пераліўку, асвятленне, фільтрацыю, купаж, ахаладжэнне і інш. аперацыі, у выніку якіх віно набывае зададзеныя якасці. У раёнах, дзе вырошчваюць вінаград, на працягу тысячагоддзяў існуе непрамысл. вінаробства. У хатніх умовах вырабляюць пераважна ардынарныя віны мацункам 9—12%.
У прам-сці для вытв-сці віна выкарыстоўваюць паточныя высокапрадукцыйныя лініі перапрацоўкі вінаграду, устаноўкі бесперапыннага браджэння, аўтаматызаваныя лініі разліву (гл. Вінаробная прамысловасць).
С.П.Самуэль.
т. 4, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫЙ (лац. Rhodium),
Rh, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 45, ат.м. 102,9055, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 103Rh. У зямной кары 10−7% па масе. Як ізаморфная прымесь уваходзіць у крышт. рашотку мінералаў медна-нікелевых сульфідных руд, мінералаў групы осмістага ірыдыю, самароднай плаціны. Адкрыты ў 1804 англічанінам У.Воластанам, назва ад грэч. rhodon — ружа (ад ружова-чырв. колеру яго солей).
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 1963 °C, tкіп 3727 °C, шчыльн 12 410 кг/м³. У звычайных умовах кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння ўсіх кіслот (у т. л. царскай гарэлкі) і шчолачаў. Здробнены пры 100 °C узаемадзейнічае з сернай к-той, пры 200—600 °C — з галагенамі, серай, селенам; пры 600—800 °C у паветры акісляецца, утвараецца сесквіаксід Rh2O3 (шэрыя крышталі, якія пры t>1000 °C раскладаюцца на метал і кісларод). Выкарыстоўваюць для атрымання сплаваў з плацінай (маюць 7, 10 і 30% Р.) і інш. плацінавымі металамі (каталізатары, тэрмапары), вырабу тыгляў у вытв-сці монакрышталёў, нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты, люстраныя паверхні рэфлектараў, пражэктараў, тэхн. люстраў.
т. 13, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)