ЗДЗІ́ТАЎ,

старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.​Г.​Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРУ́ГА (Яраслаў Генрыхавіч) (н. 4.9.1928, г.п. Мядзел Мінскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1971). Скончыў БДУ (1953). У 1947—64 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1966 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў, Ліду, Слонім, Турыйск, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі Беларусі. Вывучае славяна-балцкія кантакты ў раннім сярэдневякоўі. Аўтар прац «Старажытны Ваўкавыск X—XIV стст.» (1975), «Верхняе Панямонне ў IX—XIII стст.» (1989), укладальнік і навук. рэдактар кнігі «Памяць». Гіст.-дакумент. хроніка Мядзельскага раёна» (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987) і інш.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)