ЗГУШЧА́ЛЬНІКІ,

апараты, у якіх адбываецца аддзяленне цвёрдых часцінак рэчыва ад вадкасці. Бываюць гравітацыйныя (часцінкі ападаюць пад дзеяннем сілы цяжару), інерцыйныя (выдаленне часцінак адбываецца за кошт узнікнення сіл інерцыі пры вярчэнні) і фільтрацыйныя (згушчэнне суспензіі адбываецца пры выдаленні часткі вадкасці). Выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў і высакародных металаў, у вытворчасці паперы і цэлюлозы.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКАВА́ННЕ ТКАНІ́Н,

нанясенне на тканіны ўзорыстых адна- або шматфарбавых малюнкаў. Робіцца цыліндрычнымі друкарскімі машынамі, сеткаватымі шаблонамі, спосабам аэраграфіі (распыленне сціснутым паветрам) і ўручную.

Перад друкаваннем тканіну прамываюць, адварваюць, адбельваюць, хларыруюць і інш. Пасля нанясення фарбы яе сушаць і апрацоўваюць у вільготным асяроддзі пры высокай т-ры, паўторна прамываюць. Для Д.т. выкарыстоўваюць актыўныя, кубавыя, кіслотныя, дысперсныя і інш. фарбавальнікі, а таксама розныя згушчальнікі фарбаў. Ручным або аэраграфічным спосабамі друкуюць паштучныя або індывідуальныя высокамаст. вырабы, друкарскімі машынамі і сеткаватымі шаблонамі — тканіны масавага асартыменту.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),

апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.

Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.

Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)