тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.
У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),
рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.
Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧАЯ СУ́МЕСЬ, гаручая сумесь,
сумесь гаручага газу ці пары паліва з паветрам у суадносінах, якія забяспечваюць згаранне яе ў рабочых цыліндрах рухавіка ўнутранага згарання. Адносіны масы паветра, якая паступіла ў цыліндр, да масы паветра, тэарэт. неабходнай для поўнага згарання паліва, наз. каэфіцыентам лішку паветра. Пры значэнні гэтага каэфіцыента, роўным 1,1, паліва згарае найб. эфектыўна. Меншыя значэнні каэфіцыента (багатая сумесь) выкарыстоўваюцца на фарсіраваных рэжымах работы рухавіка, большыя значэнні (збедненая сумесь) — на эканамічных рэжымах работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛЬВАННЕў карбюратарных рухавіках,
узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.
З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.