АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),
сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл.Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл.Прэфармізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНО́К (Mustela sibirica),
млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Азіі і Усх. Еўропе. Насяляе тайгу і лесастэп, пераважна каля рэк і азёр, у гарах падымаецца да альпійскай зоны. Жыве ў норах або сярод камянёў.
Даўж. цела да 40 см, хваста каля 20 см, маса да 820 г. Прыземісты, гібкі. Поўсць густая, пушыстая, светла-рыжая, губы і падбародак белыя, каля вачэй чорная маска. Корміцца дробнымі грызунамі. Каштоўны пушны звярок (выкарыстоўваецца футра, з валасоў хваста робяць пэндзлі для жывапісу).