Звычаёвае права 2/600; 4/547; 7/537; 8/523; 10/108, 304
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш.Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл.Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́Т (араб. звычай),
звычаёвае права ў некаторых мусульманскіх народаў. Склаўся пры родаплемянных адносінах. Прызнае кроўную помсту, выкраданне нявест, мнагажонства, цялеснае пакаранне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РДАХ (Bardach) Юльюш (н. 3.11.1914, г. Адэса),
польскі гісторык права. Чл. Польскай АН (1989). Скончыў Віленскі ун-т (1939). У 1950—85 у Варшаўскім ун-це (з 1960 праф.), адначасова ў 1961—69 дырэктар Ін-та гісторыі права пры гэтым ун-це. Даследуе грамадска-паліт. лад і права Польшчы і ВКЛ 14—18 ст., звычаёвае права Беларусі і Літвы, Статуты ВКЛ, праблемы гістарыяграфіі, метадалогіі гісторыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫ,
германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 6 ст. Магчыма, паходзіць ад маркаманаў. У сярэдзіне 6 ст. бавары занялі частку тэр. былых рым. правінцый Норык і Рэцыя (засялілі тэр. сучасных Верхняй Аўстрыі, Зальцбурга, Верхняй і Ніжняй Баварыі, часткова Ціроля). З 6 ст. вядома племянное герцагства (гл.Баварыя). На тэр. іх рассялення ў 7—8 ст. дзейнічала звычаёвае права — Баварская праўда (гл. ў арт.Варварскія праўды). Разам з інш.герм. плямёнамі бавары заклалі аснову ням. і аўстр. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗЕ́БНІК 1589,
зборнік прававых норм Паўн. Памор’я. Афіцыйна не зацверджаны, але служыў кіраўніцтвам для суддзяў Дзвінскай вобл. ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. Яго крыніцамі паслужылі мясц.звычаёвае права, Судзебнік 1550 і, як мяркуюць, статутная грамата (не захавалася) цара Фёдара Іванавіча. Зборнік быў спробай прыстасаваць нормы Судзебніка 1550 да спецыфічных умоў паўн. рэгіёнаў Рус. дзяржавы: адсутнасць свецкай феад. уласнасці, перавага чарнасошнага сял. землеўладання з паступовым распадам абшчыны, наяўнасць развітой маёмаснай дыферэнцыяцыі ў асяроддзі гар. і сельскага насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАМУРА́ПІ ЗАКО́НЫ,
збор законаў рабаўладальніцкай дзяржавы Вавілоніі, названы па імю яе цара Хамурапі. Складзены каля 1760 да н.э. Налічваюць 282 арт., у якіх разглядаюцца пытанні працэсуальнага характару, адносіны ўласнасці, царскай службы, шлюбу і сям’і, абавязацельстваў і інш. У аснову зборніка пакладзены старое звычаёвае права, шумерскія судзебнікі і новае заканадаўства. Нормы законаў недасканалыя з пункту гледжання іх паўнаты, вызначаюцца катэгарычнасцю, няма сістэмы ў іх выкладанні, хаця пэўная логіка прысутнічае. Тэксты складзены ў асноўным у казуістычнай форме. У адрозненне ад інш.усх. кадыфікацый не маюць рэліг. і маралізуючага элементаў. Каштоўны помнік стараж.ўсх. права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫ́ЧАЙ,
гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.
Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗЕ́БНІК 1497,
зборнік законаў Рус. дзяржавы, накіраваны на ліквідацыю яе феад. раздробленасці і стварэнне агульнарус. права. Яго крыніцамі былі Руская праўда, Пскоўская судная грамата, звычаёвае права, граматы і велікакняжацкія ўказы, перапрацаваныя дастасоўна да сац.-эканам. змен. Зборнік устанавіў адзіную сістэму дзярж.суд. органаў, вызначыў іх кампетэнцыю і супадпарадкаванне, рэгламентаваў суд. пошліны. Ён пашырыў кола ўчынкаў, якія прызнаваліся крымінальнымі [напр., крамола, «царкоўная тацба» (святатацтва), паклёп], увёў новыя паняцці злачынстваў і асабліва небяспечных злачынстваў, вышуковую форму працэсу. У якасці меры пакарання прадугледжвалася смяротная кара, лупцаванне (біццё бізуном у людных месцах, на таргах). Абмяжоўвалася права сервітутаў, павялічваліся тэрміны іскавай даўнасці ў адносінах да велікакняжацкіх зямель. Парушэнне межавых знакаў на велікакняжацкіх, баярскіх і манастырскіх землях каралася лупцаваннем, за тыя ж учынкі на сялянскіх землях — грашовым штрафам. Судзебнік увёў плату пажылога (карыстанне сядзібай) пры адыходзе селяніна ад феадала, устанавіў адзіны для ўсёй дзяржавы тэрмін пераходу сялян ад аднаго ўладальніка да другога — Юр’еў дзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОК (Locke) Джон (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),
англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, К.Нарбут, А.Скарульскі, Я.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;
Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.