ПАЎНО́ЧНА-САХАЛІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,

нізінная раўніна на Пн в-ва Сахалін. Даўж. 300 км, шыр. каля 100 км; Ахінскі перашыек на Пн звужаны да 6—7 км. Уздоўж узбярэжжа на значных участках — ланцужкі лагун, аддзеленых ад мора косамі. Астраўныя кражы выш. да 500—600 км. На ПдУ — рэкі Тым і Набіль. Рэдкастойная лістоўнічная тайга з прымессю елкі і піхты, у прыбярэжных ч. — лесатундра, балоты. Здабыча нафты і газу (радовішчы Аха, Тунгорскае, Эхабі).

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),

род дыятомавых водарасцей сям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).

Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.

Т.​М.​Міхеева.

Гамфацымбела выгнутая.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)