«Звон» (контррэвалюц. газ.) 4/546

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВОН,

найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.

У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст. Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.

На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт. Урочышча Гай, Хатынь).

Літ.:

Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;

Воронин Н.Н. Древнее Гродно. М., 1954;

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.Дз.Назіна, А.І.Сямёнаў.

Звон.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВОН»,

штодзённая паліт.-эканам. і літ. газета. Выдавалася з 25 жн. да 19 кастр. 1919 у Мінску на бел. мове. Рэдактар Я. (Ядвіга, Іадвіга) Луцэвіч. [Подпіс «Рэдактар-выдавец І.Луцэвіч» даў падставу некаторым даследчыкам (А.Лойка, Ю.Туронак) сцвярджаць, што рэдактарам газеты быў Я.Купала (І.Луцэвіч)]. Фактычна газетай кіраваў «кансорцыум» у складзе Я.Лёсіка, Ю.Фарботкі, А.Прушынскага (А.Гаруна), М.Касцевіча (М.Краўцова). Змяшчала хроніку жыцця ва ўмовах польскай акупацыі. Выступала за адбудову бел. дзяржаўнасці, адраджэнне яе гаспадаркі і культуры, прапаноўвала канкрэтную праграму дзярж. буд-ва і ўзаемаадносін з суседнімі краінамі (Польшчай, Расіяй і інш.). Асвятляла дзейнасць па стварэнні нац. школы, выказвала пратэст супраць захопу польскімі ўладамі памяшканняў бел. навуч. устаноў у Мінску. Мела рубрыкі «Беларуская хроніка», «Мінскія навіны», «Беларускі тэатр» і інш. Публікавала маст. творы Я.Купалы, З.Бядулі, Лёсіка, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Чарота і інш.

В.У.Скалабан.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Цар-звон» 2/402; 6/411

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Народны звон» (газ.) 2/232; 7/388, 420

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Беларускі звон» (рэакц. газ., 1931—32) 2/229, 240; 3/290; 7/388

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 30.8.1751 ліцейшчыкамі Іванам, Сцяпанам і Максімам Сініцамі для царквы г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Выш. каля 40 см, найб. дыяметр 30 см. Аздоблены раслінным і хвалістым арнаментам. Дата і фундацыйны надпіс размешчаны ў выглядзе фрызаў, імёны ліцейшчыкаў на тулаве звона. Знаходзіцца ў Дзісенскай царкве.

М.М.Яніцкая.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі. Адліты ў 1583 з медзі Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы в. Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.; адсюль назва) паводле загаду ўладальніка маёнтка дзярж. і ваен. дзеяча 16 ст. Сімяона Войны ў памяць аб бацьках. Выш. 62 см, найб. дыяметр 70 см, таўшчыня ліцця 7 см. Дэкарыраваны рэльефным арнаментам рэнесансавага характару: выявы міфалагічных істот (крылатыя коні, ільвы, алені і інш.) у медальёнах, утвораных непарыўнай звілістай сцяблінай. У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў у кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войну Маціевічу Грычыну і яго сям’і. Тэкст выразаны ад рукі на тагачаснай бел. мове лац. літарамі. Пад адной калонкай — выява герба роду Войнаў. Па ніжнім краі звона — надпіс з датай адліўкі і імем майстра. Вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.

Літ.: Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1.

Э.С.Максімава, Ю.В.Хадыка.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗВОН,

помнік бел. ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на медналіцейным з-дзе М.Чабана для царквы Параскевы Пятніцы. Выш. 62 см, найб. дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім — вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэднім — дата адліўкі звона і выява герба Рас. імперыі; у ніжнім — вязь са шчыльна пераплеценых расл. элементаў і выяў анёлаў. Зберагаецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі.

А.І.Сямёнаў.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 22.3.1921 да 24.2.1923 у Вільні на бел. мове (з 16.5 да 18.8.1921 не выходзіла). Рэдактар-выдавец Ф.Аляхновіч. Крытыкавала вынікі Рыжскага мірнага дагавору 1921. Супрацоўнічала з усімі дэмакр. сіламі, якія падтрымлівалі культ.-нац. адраджэнне Беларусі і яе права на самавызначэнне. Выкрывала антыбел. дэнацыяналізатарскую палітыку польск. ўрада. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча, грамадска-паліт. рух на Беларусі. Інфармавала пра дзейнасць ТБШ, бел. тэатр. і муз. калектываў у Зах. Беларусі і інш.

У.М.Конан.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)