КРО́НАС, Крон,
у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСМА́ЦТВА (цюрк.),
антысавецкі ўзброены нац.-рэлігійны рух у Сярэдняй Азіі ў 1917—26. Мэта руху — звергнуць сав. ўладу ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках і адарваць іх ад Расіі. Арганізоўвалася і ўзначальвалася феадаламі і мусульм. духавенствам, мела падтрымку і цесныя сувязі з белай гвардыяй, уладамі Турцыі, Афганістана, Кітая. Непасрэдныя кіраўнікі басмацтва — арг-цыі «Шура-і-Іслам», «Улема», «Алаш» і інш., якія стварылі ў Туркестане аўтаномны ўрад (гл. Какандская аўтаномія). Першыя басмацкія атрады з’явіліся ў канцы 1917 у Какандзе. Вясной 1918 басмачы распачалі актыўныя дзеянні ў раёне г. Ош. У 1918—20 асн. арэнай басмацтва стала Ферганская даліна. У кастр. 1921 у Бухару прыбыў б. ваен. міністр Турцыі Энвер-паша і стварыў адзіную басмацкую армію (каля 16 тыс. чал.), якая вясной 1922 захапіла значную ч. тэр. Бухарскай народнай савецкай рэспублікі. Моцны ўдар атрадам Энвера быў нанесены ў чэрв. 1922, сам ён загінуў у баі ў жн. 1922, да канца года асн. сілы басмачоў у Харэзме і Фергане былі разбіты Чырв. Арміяй. Даўжэй за ўсіх пратрымаліся атрады Джунаід-хана ў Харэзме (ліквідаваны на пач. 1924) і Ібрагімбека ў Бухары (разгромлены ў 1926).
т. 2, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)