ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,

дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.

Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ (РСІ, Рабкрын),

орган дзярж. кантролю ў Сав. Расіі і інш. сав. рэспубліках, потым у СССР і саюзных рэспубліках у 1920—34. Папярэднікамі РСІ былі органы рабочага кантролю, якія дзейнічалі з часу Лют. рэвалюцыі 1917. Паводле дэкрэта ВЦВК ад 7.2.1920 Наркамат дзярж. кантролю РСФСР рэарганізаваны ў Нар. камісарыят РСІ. На Беларусі ў ліп. 1920 у складзе Ваенрэўкома ССРБ утвораны аддзел РСІ, які ў жн. пераўтвораны ў Камісарыят РСІ Ваенрэўкома ССРБ, а ў снеж. — у Наркамат РСІ ССРБ. XII з’езд РКП(б) (крас. 1923) прыняў рашэнне пра аб’яднанне органаў парт. і дзярж. кантролю ў адзін — Цэнтр. кантрольную камісію — Наркамат РСІ (ЦКК—НК РСІ), хоць яны захавалі пэўную самастойнасць. НК РСІ былі дадзены правы канчаткова зацвярджаць штаты наркаматаў і цэнтр. дзярж. устаноў, ліквідоўваць арг-цыі і прадстаўніцтвы, змяняць арганізац. структуры ўстаноў і прадпрыемстваў, накладваць пакаранні і нават звальняць кіруючых асоб за безгаспадарчасць, бюракратызм і валакіту. Паводле рашэння XVII з’езда ВКП(б) (студз.лют. 1934) замест ЦКК—НК РСІ створаны Камісія парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) і Камісія сав. кантролю пры СНК СССР. ЦКК КП(б)Б рэарганізавана ў Камісію парт. кантролю пры ЦК КП(б)Б; пастановай ЦВК і СНК БССР ад 8.3.1934 НК РСІ БССР і Камісія выканання пры СНК БССР скасаваны, а на іх аснове створаны Камісія сав. кантролю пры СНК БССР і адпаведныя структуры на месцах.

Да крас. 1919 органы дзярж. кантролю на Беларусі ўзначальваў С.​І.​Берсан. Наркомы РСІ ССРБ: С.​Н.​Найхін (1921—22), А.​Д.​Руманаў (1922—23). Старшыні ЦКК КП(б)Б — наркомы РСІ БССР: Р.​Я.​Рудэрман (1923—24), В.​П.​Грузель (1924—25), В.​А.​Радус-Зяньковіч (1925—27), А.​Я.​Калнін (1927—32), І.​А.​Лычаў (1932—34).

Літ.:

Злотник М.И. Деятельность органов партийно-государственного контроля БССР в государственном строительстве (1917—1934 гг.). Мн., 1969.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)