ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ.дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал.філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт.кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш.Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.Гасендзі, Р.Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІН Сцяпан Цімафеевіч (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) у Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА,
магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл.Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.Лейбніц, І.Кант, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер, К.Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЕРЦЬ І БЯССМЕ́РЦЕ,
два бакі быцця чалавека, якія ўзаемна выключаюць, але і ўзаемна прадугледжваюць адзін аднаго; адно з цэнтр. пытанняў філасофіі. У асэнсаванні праблемы С. і б. вылучаюць філас., рэліг. і прыродазнаўча-навук. аспекты. У ант. філасофіі ў працэсе аналізу С. і б. вызначыліся 2 асн. падыходы: матэрыялістычны (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый і інш.) і ідэалістычны (Сакрат, Платон і інш.). Згодна з матэрыялістычным падыходам, чалавек смяротны; на аснове прыродазнаўчых ведаў зроблены вывад, што з фіз.смерцю чалавека гіне і яго душа, г. зн. мысленне і свядомасць. Матэрыялісты лічаць бессмяротнымі створаныя чалавекам прадукты матэрыяльнай і духоўнай культуры і разглядаюць асобу як бессмяротную істоту толькі ў аспекце прадаўжэння роду. Эпікур, Сенека і інш.гал. задачай філасофіі лічылі збаўленне чалавека ад страху смерці. З процілеглых пазіцый разглядалі гэтую праблему С.К’еркегор, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ, М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр, А.Камю і інш. Паводле ідэаліст. канцэпцыі бяссмерце чалавека грунтуецца на існаванні абсалютнай ідэі ці бяссмерці чалавечай душы, чым у пэўнай ступені паслабляецца трагізм чалавечага быцця. Згодна з рэлігійнымі вучэннямі, чалавек бессмяротны, што вынікае з боскай прыроды душы, а фіз. смерць з’яўляецца вызваленнем душы ад матэрыяльнай абалонкі. Прыродазнаўча-навуковы падыход да праблемы С. і б. разглядае смерць як спыненне жыццядзейнасці, натуральны канец усялякай жывой істоты і абвяргае ідэю існавання чалавека пасля яго фіз. смерці. Спробы абгрунтаваць фіз. бяссмерце ў межах прыродазнаўства рабілі рас. вучоныя А.Л.Чыжэўскі, У.І.Вярнадскі і інш. Праблема С. і б. займае значнае месца ў гісторыі бел.філас. думкі, дзе знайшлі адлюстраванне як рэліг.-правідэнцыялістычны (М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), так і прыродазнаўчанавук. (С.Будны, К.Лышчынскі і інш.) падыходы.
Літ.:
Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Вернадский В.И. Начало и вечность жизни: [Сб.]. М., 1989;
Человек: Мыслители прошлого и настоящего о его жизни, смерти и бессмертии: Древний мир — эпоха Просвещения. М., 1991;
Русский космизм: Антология филос. мысли. М., 1993;
Семененя И.Н. Феномен жизни в аспекте полевой организации природы. Гродно, 1997;
Бодрийар Ж. Символический обмен и смерть: Пер. с фр.М., 2000.