ЗАПЕ́Ў,

1) пачатак харавой песні, які выконваецца адным або некалькімі спевакамі (запяваламі).

2) Пачатак быліны, зачын, які падводзіць слухача да асноўнага зместу твора.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ВЫ,

устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб. стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.

Публ.: Замовы. Мн., 1992.

Літ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 5. Витебск, 1891;

Астахова А.М. Художественный образ и мировоззренческий элемент в заговорах. М., 1964;

Толстой Н.И. Из наблюдений над полесскими заговорами // Славянский и балканский фольклор. М., 1986;

Барташэвіч Г.А. Магічнае слова. Мн., 1990.

Г.А.Барташэвіч.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ,

восень, жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.Я.Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)