ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,

механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.

Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.

У.М.Сацута.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ СТУДЭ́НТАЎ ГО́РАЦКАГА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА ІНСТЫТУ́ТА.

Існавала з сак. 1917 да вясны 1924 у Горках (цяпер у Магілёўскай вобл.); да аднаўлення ў 1919 Горацкага земляробчага ін-та наз. Бел. секцыя вучняў горацкіх с.-г. школ. Мела на мэце «пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатр. творамі, гісторыяй, культ. і эканам. становішчам Беларусі і дапамагаць бел. нац. руху захопліваць шырэйшыя нар. праслоі». Ініцыятары стварэння Г.Гарэцкі, С.Журык, Я.Чарняўскі. Пры секцыі заснаваны аддзелы: гіст.-эканам., літ., тэатр., муз., чыстага мастацтва. Члены тэатр. аддзела інсцэніравалі паэму «Тарас на Парнасе», ставілі п’есы У.Галубка, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы і інш. У 1918 распрацоўвала бел. тэрміналогію па сельскай гаспадарцы, выдала лістоўку для сялян «Як чытаць па-беларуску». У 1923 падрыхтавала план-сетку па пераводзе некаторых школ Горацкага пав. Смаленскай губ. на бел. мову навучання. Спыніла існаванне пасля далучэння Горацкага пав. да БССР.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТСВА́НА

(Botswana),

Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс. км². Нас. 1,4 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).

Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на Ур. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц. традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.

Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.

Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.

Асн. паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл. ААН (з 1966), Садружнасці і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у тым ліку горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт·гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх. ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс. км, у тым ліку з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс. км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).

т. 2, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я-БІСА́У

(Guiné-Bissau),

Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс. км². Нас. 1072 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).

Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.

Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.

Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.

Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г. тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар. рэв. сілы). У 1972 Спец. к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац. нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.

У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.

Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал. харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс. т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На У гал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс. т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВт·гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс. км, у т. л. 2,7 тыс. км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс. км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн. дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн. дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.П.Грыцкевіч

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)