Заходнікі (гістар.) 4/532; 9/103, 328, 576

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІКІ,

прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.А.Мельгуноў, В.П.Боткін, П.В.Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.М.Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.І.Герцэн, і М.П.Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.

Літ.:

Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;

Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЦТВА,

тэндэнцыя ў рас. грамадска-паліт. думцы, светапогляд, заснаваны на прызнанні агульнасці Расіі і Зах. Еўропы як непадзельных частак адзінага культ.-гіст. цэлага. У навук. л-ры існуюць розныя пункты погляду на пастанне аб храналагічных рамках бытавання З., паколькі яго носьбіты вядомы ва ўсе гіст. эпохі са старажытнасці да нашых часоў. У.С.Салаўёў адносіў узнікненне З. да 18 ст. і вылучаў у яго развіцці тры гал. «фазісы»; «тэакратычны» (П.Я.Чаадаеў), «гуманітарны» (В.Р.Бялінскі і «людзі саракавых гадоў»), «натуралістычны» (М.Г.Чарнышэўскі і «людзі шасцідзесятых гадоў»). Больш вузкія рамкі бытавання З. прапанаваў А.А.Грыгор’еў — 1840—60-я г. Менавіта да прадстаўнікоў З. гэтага перыяду адносіцца ў вузкім сэнсе тэрмін Заходнікі.

Літ.:

Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІДО́ВІЧ Генрых Вацлававіч

(н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам. гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.Ф.Купера «Апошні з магікан».

Тв.:

Цяпло на першацвет. Мн., 1976;

Маладыя гады. Мн., 1979;

Міланькі. Мн., 1980;

На новы парог. Мн., 1983;

Станаўленне. Мн., 1985;

Міг маладосці. Мн., 1987;

Жывы покліч. Мн., 1995;

Жар кахання. Мн., 1996;

Кліч роднага звона. Мн., 1997.

Літ.:

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.

А.У.Рагуля.

Г.В.Далідовіч.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)