БРАДЗО́Т

(нарв. bradsot ад brad раптоўны + sott хвароба),

вострае інфекц. захворванне авечак, якое выклікаецца бактэрыямі з роду Clostridium. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем слізістай абалонкі сычуга і 12-перснай кішкі і перараджэннем парэнхіматозных органаў. Часцей хварэе маладняк ва ўзросце да 2 гадоў, больш вясной і восенню.

Крыніца інфекцыі — хворыя або перахварэлыя авечкі; перадаецца праз глебу, ваду, траву на пашы, кармы і інш. Захваральнасць дасягае 30—35%, лятальнасць — 90—100%. Інкубацыйны перыяд хваробы вельмі кароткі, цячэнне яе маланкападобнае і вострае. Адзначаюцца тэмпература 40,5—41 °C, агульная прыгнечанасць, адмаўленне ад корму, кан’юнктывіт, пачашчэнне пульсу і дыхання, тымпанія, выцяканне пены з рота і носа, ацёк галавы, моцныя сутаргі. Супраць брадзоту прапанавана полівалентная вакцына.

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА

(англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),

сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.

М.Ф.Сарока.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)