Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУСЛА́ЎСКАЯ (Нінэль Захараўна) (н. 21.6.1935, г. Крывы Рог, Украіна),
бел. эстрадная спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла муз. вучылішча ў Душанбе (1958). У 1962—87 салістка Бел. філармоніі. Яе выканальніцкая манера вылучаецца мяккасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод лепшых інтэрпрэтацый песні «Белая Русь» Ю.Семянякі, «Спадчына» І.Лучанка. Дыпламант 1-га Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Масква, 1966).
І.І.Зубрыч.
т. 2, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЎЧАНКА (Валянціна Захараўна) (21.12.1925, г. Цюмень, Расія — 13.11.1984),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыла тэатр. студыю пры Бел. т-ры імя Я.Купалы (1948). Працавала ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца характарных роляў. Яе творчай манеры былі ўласцівы псіхал. паглыбленне ў матывы паводзін гераінь, моўная і пластычная маляўнічасць. Сярод работ: Акуліна («Улада цемры» Л.Талстога), Аграфена, Антонаўна, Ксенія («Ворагі», «Дзеці сонца», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Арына Іванаўна («Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава), Вера Сяргееўна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Вера Васілеўна («Гняздо глушца» В.Розава) і інш.
Б.І.Бур’ян.
т. 8, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОЗ (Дора Захараўна) (12.11.1909, г. Сянно Віцебскай вобл. — 8.12.1997),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Скончыла Бел. студыю оперы і балета (1933), Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Несцярэнка). У 1933—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага серабрыстага тэмбру, тонкім муз. густам. Сярод лепшых партый: Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі). З інш. партый: Караліна («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Русалка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха).
Б.С.Смольскі.
т. 8, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац. вобразаў найб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.Губарэвіча і І.Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).
В.А.Ракіцкі.
т. 9, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РЧЫК (Таццяна Андрэеўна) (12.11.1902, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 24.7.1974),
бел. актрыса. Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1920 на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драм. гурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Я.Купалы «Паўлінка» і выканала гал. ролю. Працавала ў т-рах: Бел. дзярж. (цяпер імя Я.Купалы, да 1921), Бел. імя Я.Коласа (1926—48), драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе (1949—56), Бабруйскім вандроўным (1956—67). Майстар эпізоду. Яе мастацтву былі ўласцівыя яркая характарнасць, акрэсленасць малюнка. Найб. каларытныя характары стварыла ў бел. драматургіі: Паланея («Прымакі» Я.Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Я.Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» К.Чорнага), Жабрачка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аўдоцця, Акуліна («Любоў, Надзея, Вера» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага).
т. 2, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)