Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́НІ (Henie) Соня (8.4.1912, Осла — 12.10.1969),
нарвежская спартсменка (фігурнае катанне на лёдзе). Чэмпіёнка II, III i IV зімовых Алімп. гульняў (1928, г. Санкт-Морыц, Швейцарыя; 1932, г. Лейк-Плэсід, ЗША; 1936, г. Гарміш-Партэнкірхен, Германія); чэмпіёнка свету (1927—36), Еўропы (1931—36). З 1936 салістка Галівудскага балета на лёдзе (ЗША). У 1936—45 знялася ў 10 кінафільмах у Галівудзе. Заснавальніца (разам з мужам) музея сучаснага мастацтва (1968, паблізу Осла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АУ́Н САН СУ ЧЖЫ (н. 19.6.1945, г. Янгон, М’янма),
палітычны дзеяч М’янмы (б. Бірмы). Дачка Аун Сана. Вучылася ў Дэлійскім і Оксфардскім ун-тах. Працавала ў Лонданскім ун-це (1968), сакратаром ААН (1969—71), Мін-ва замежных спраў Непала (1970-я г.) і інш. З 1988 на радзіме. Заснавальніца і ген. сакратар ЦВК партыі Нац. ліга за дэмакратыю, якая перамагла на парламенцкіх выбарах 1990. За выступленні супраць ваен. рэжыму краіны арыштавана ў 1989. Нобелеўская прэмія міру 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМЕНКА Кацярына Гаўрылаўна (н. 10.10.1925, с. Пяскі-Радзькаўскія Бароўскага р-на Харкаўскай вобл.),
бел. майстар пляцення мастацкіх вырабаў з саломы. Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Заснавальніца промыслу саломапляцення на Магілёўскай ф-цы маст. вырабаў. У творчасці этнагр. і быт. сюжэты («Вяселле», «Беларускія дзяўчаты», «Хлеб-соль Магілёўшчыны», «Тройка», «Конь-агонь»), анімалістычная тэматыка (цукерніцы, каўшы, хлебніцы і інш. ў выглядзе жывёл і птушак). Лепшыя работы захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАВА (сапр.Няелава) Яўгенія Іванаўна
(26.12.1780—11.4.1869),
руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1799, педагог І.Вальберх). У 1799—1826 у Пецярбургскім імператарскім т-ры. Дасканала валодала тэхнікай класічнага танца і мастацтвам пантамімы. Сярод партый: Ізора («Рауль Сіняя барада» А.Грэтры і К.Каваса), Адэлаіда («Рауль дэ Крэкі...» Каваса і Ц.Жучкоўскага), Медэя («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа), Федра («Федра і Іпаліт» Каваса і П.Турыка), Дзяўчына («Новы Вертэр» С.Цітова). Заснавальніцарус. характарнага танца. Адна з першых у Расіі змяніла пышны стылізаваны касцюм на ант. хітон. Іграла ў оперных і драм. спектаклях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЭ́ЗА (Teresa),
Маці Тэрэза [свецкае Баяджыў Агнес Гонджа (Bojaxhiu); 26.8.1910, Скоп’е, Македонія — 5.9.1997], албанская каталіцкая манахіня, заснавальніца і кіраўніца Ордэна міласэрнасці. З 1928 паслушніца ордэна «Ірл. сёстраў Ларэта», выкладала ў місіянерскай школе св. Марыі ў Калькуце (Індыя). У 1935 прыняла манаскі пострыг пад імем Т. У 1946 заснавала Ордэн міласэрнасці, члены якога павінны дапамагаць усім абяздоленым. Пад кіраўніцтвам Т. створана больш за 50 школ у Індыі і інш. краінах для дзяцей самых бедных пластоў насельніцтва, засн. прытулак для паміраючых жабракоў, лепразорый, першы цэнтр для хворых на СНІД і інш. дабрачынныя ўстановы. Нобелеўская прэмія міру 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЁНІКА,
галіна грамадскіх навук; тэхналогія вызначэння тыпу асобы. Развіваецца з канца 1970-х г. на стыку псіхалогіі і сацыялогіі. Заснавальніца С. літоўскі сацыёлаг і эканаміст А.Аўгусцінавічутэ прапанавала практычнае выкарыстанне тэорыі псіхал. тыпаў швейц. псіхолага К.Г.Юнга, распрацавала тэорыі сацыёну (падзелу чалавецтва на 16 псіхал. тыпаў) і інтэртыпных адносін (сумяшчальнасці людзей розных псіхал. тыпаў). С. прагназуе развіццё сяброўскіх, сямейных і інш. узаемаадносін, дае практычныя рэкамендацыі па іх удасканальванні, па прафес. арыентацыі і псіхал. самакарэкціраванні асобы. Дасягненні С. выкарыстоўваюцца ў сістэмнай псіхафізіялогіі, сац. псіхалогіі, педагогіцы, псіхалогіях асобы і творчасці.
Літ.:
Аугустинавичюте А. Соционика: Введение. СПб., 1998;
Яе ж. Соционика: Психотипы. Тесты. М.; СПб., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДО́НА, Эліса,
у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.Мантэнья, Л.Карачы, П.П.Рубенс), літаратары (Г.Сакс, Я.Б.Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.Пёрсел, А.Скарлаці, Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РВІН-КРУКО́ЎСКАЯ (Жаклар) Ганна Васілеўна
(18.10.1843, Масква — 14.9.1887),
расійская пісьменніца, дзеяч міжнар.сацыяліст. руху. Сястра С.Кавалеўскай. Паходзіла з бел. шляхецкага роду. Першыя апавяданні надрукавала ў 1864 у час. Ф.М.Дастаеўскага «Эпоха». З 1867 у Пецярбургу, зблізілася з членамі рэв. арг-цый. З 1869 жыла ў Германіі, Францыі, выйшла замуж за франц. рэвалюцыянера Ш.В.Жаклара. Чл. Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, вяла перапіску з К.Марксам, пераклала на франц. мову ўрыўкі з т. 1. «Капітала». Удзельніца Парыжскай камуны 1871, прымала ўдзел у рабоце К-та пільнасці, чл.ЦК Саюза жанчын, заснавальніца і карэспандэнт газ. «La socialiste» («Сацыялістка»). Пасля паражэння Парыжскай камуны жыла ў Швейцарыі, Расіі, займалася літ. дзейнасцю. У 1886—87 свае апавяданні друкавала ў час. «Северный вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАКСЕ́РЫ (Phylloxeridae),
сямейства насякомых падатр. тлей атр. раўнакрылых. 12 родаў, каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, вінаграднай лазе. Найб. вядомыя віды Ф.: вінаградная (Viteus vitifolii), грушавая (Phylloxera piri), лісцевая дубовая (Ph. coceinea).
Даўж. да 7 мм. Афарбоўка бурая, жаўтаватая, зеленаватая. Цела ўкрыта кароткімі валаскамі. Вусікі кароткія, 3—4-членікавыя. У крылатых форм 2 пары крылаў са спрошчаным жылкаваннем. Ротавы апарат колюча-сысучы. Кормяцца сокамі з лісця і каранёў. Адна- і двухдомныя формы. Самка адкладвае 1 яйцо. Развіццё няпоўнае, з чаргаваннем крылатых і бяскрылых пакаленняў. Ф. вінаградная — шкоднік вінаграднай лазы.