КАРБЮРА́ТАР (франц. carburateur),

прылада для стварэння гаручай сумесі з лёгкага вадкага паліва ў рухавіках унутр. згарання. Бывае ўсмоктвальны (паплаўковы, мембранны), упырсквальны і камбінаваны.

Мае паветраны тракт, па якім рухаецца ўсмактанае паветра, і паліўную сістэму, па якой паліва падаецца ў паветраны паток, змешваецца з ім і па ўпускным трубаправодзе паступае ў цыліндры рухавіка. Інтэнсіўнасць паступлення гаручай сумесі рэгулюецца дросельнай заслонкай (гл. Акселератар), а яе склад у адпаведнасці з рэжымам работы рухавіка — гал. сістэмай дазіравання, эканамайзерам, паскаральнай помпай, сістэмамі халастога ходу і пуску халоднага рухавіка і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

В.​А.​Сяргеенка.

Карбюратар аўтамабільны: 1 — паветраная заслонка; 2 — ігольчасты клапан; 3 — паплаўковая камера; 4 — бензін; 5 — дросельная заслонка; 6 — асноўны паветраны паток.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНО́Е КО́ЛА,

прыстасаванне ў выглядзе кола з лопасцямі, якое прыводзіцца ў дзеянне энергіяй патоку вады; самы просты гідраўлічны рухавік. Бывае ніжнябойнае (падліўное), сярэднябойнае і верхнябойнае (наліўное). Магутнасць да дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у сістэмах арашэння (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), на Беларусі — для прыводу ў дзеянне вадзяных млыноў, машын і механізмаў дробных вытв-сцяў.

Вадзяное кола: 1 — рэгулявальная заслонка; 2 — коўш; 3 — рабочы вал; 4 — апора.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)