Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІЯ, Жаслаўскія, Яўнуцьевічы,
княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад вял.кн.ВКЛЯўнута, які ў 1345 быў скінуты братамі Альгердам і Кейстутам і атрымаў ад іх г. Заслаўе (адсюль прозвішча). Найб. вядомыя:
Іван Юр’евіч (? — 1499?), праўнук Яўнута, намеснік мінскі ў 1468—73, віцебскі (каля 1484). Меў вотчыны на Смаленшчыне. Міхаіл Іванавіч (каля 1460—1529), сын Івана Юр’евіча, намеснік віцебскі ў 1492—95. У 1499 атрымаў у вотчыну частку Мсціслаўскага княства, тытулаваўся князем Мсціслаўскім. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ і меў статус удзельнага князя. У 1526 падараваў Мсціслаўскае княства вял. князю ВКЛ. Ад яго сына Фёдара (каля 1500—40) пайшоў род князёў Мсціслаўскіх у Расіі. Багдан Іванавіч (каля 1465—1530), намеснік мінскі з 1499. Фёдар Іванавіч (каля 1470—1539?), намеснік віцебскі ў 1492, бранскі ў 1494—99, аршанскі і аболецкі з 1501. Адзіны з братоў валодаў Заслаўем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІЯ КУРГА́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,
група археал. помнікаў на тэр. і ў ваколіцах г. Заслаўе Мінскага р-на. Захаваліся рэшткі 8 могільнікаў. Даследаваны 142 курганы (большасць 2-й пал. 10—1-й пал. 11 ст.), належаць пераважна крывічам, таксама дрыгавічам, невял колькасць інш.усх.-слав. плямёнам, фіна-уграм і балтам. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце, зрэдку ў падкурганных ямах і насыпе, у 5 курганах — трупаспаленне. Пахавальны інвентар — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожанні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, бранзалеты), рэчы хатняга ўжытку (кераміка, нажы, грабяні і інш.), манеты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ГІЛЬНІК,
група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,
княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),
сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт.Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ ЗАПАВЕДНІК, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе». Створаны ў 1986 у г. Заслаўе Мінскага р-на на базе гіст.-археал. запаведніка (засн. ў 1967). Уключае Заслаўскі замак, гарадзішча «Вал», «Замэчак» 10—11 ст., заслаўскія курганныя могільнікі, Заслаўскі фарны касцёл, рэшткі сядзібы 17—19 ст. На тэр. запаведніка музеі «Млын», «Хата завознікаў», «Кузня», «Свіран» (усе пач. 20 ст.), музейна-выставачны комплекс, у якім размешчаны выстаўкі муз. інструментаў (177 экз.), дываноў «Мара аб Заслаўі», габеленаў. Пл. запаведніка 1,13 км², пл. экспазіцыі 375 м², 9,4 тыс. экспанатаў (1997), у т. л. 256 твораў жывапісу, 196 — графікі, 1,81 тыс. прадметаў этнаграфіі, каля 3,9 тыс. археалогіі, 612 тамоў друк. выданняў. У 1978—90 на тэр. запаведніка дзейнічаў музей рамёстваў і нар. промыслаў (размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы 16 ст.). Удзельнік міжнар. руху «За новую музеялогію».
А.М.Каўбаска.
Млын 1910 на тэрыторыі Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.
1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г.Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.
2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял.кн.ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял.кн.ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.
У 1440 вял.кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял.кн.ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл.Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.І.Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.І.Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),
вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.
М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.
На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел.тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.
Літ.:
Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.